Брэсцкі абласны суд падтрымаў пазіцыю ўладаў
21 кастрычніка Брэсцкі абласны суд разгледзеў скаргу 10 выбаршчыкаў горада Бярозы, якія прасілі прызнаць сумеснае рашэнне Бярозаўскага райвыканама і прэзідыума Бярозаўскага райсавета па стварэнню Бярозаўскай раённай выбарчай камісіі незаконным. Грамадзяне, якія вылучылі Тамару Шчапёткіну ў склад камісіі, прасілі таксама суд абавязаць вышэйназваныя органы прыняць новае рашэнне па стварэнню выбарчай камісіі з уключэннем ў яе склад Т. Шчапёткінай.
Трэба адзначыць, што да гэтага суд Бярозаўскага раёна ўвогуле адмовіўся разглядаць скаргу на рашэнне райвыканкама і райсавета па фармаванню раённай выбарчай камісіі, але заяўляльнікі накіравалі скаргу ў абласны суд. Яны прасілі, каб справа была разгледжана ў Бярозаўскім судзе іншым суддзёй, але нечакана для іх саміх справу прыняў да разгляду Брэсцкі абласны суд.
Разгляд справы пачаўся са спазннем на 3 гадзіны і доўжыўся 15 хвілін. На заўвагу аб спазненні суддзя Дзмітрук, які вёў працэс, сказаў: “Шчаслівыя гадзін не назіраюць.” Аб парушэнні графіку разгляду справы быў пакінуты запіс у кнізе заўвагаў і прапаноў.
Рашэнне Брэсцкага абласнога суда было прадказальна: пакінуць скаргу выбаршчыкаў, якія вылучалі свайго прадстаўніка ў склад раённай камісіі, без задавальнення. “Праваабаронцы за свабодныя выбары”.