viasna on patreon

За крытыку ў блогу — у беcтэрміновы адпачынак

2010 2010-10-21T18:22:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

20 кастрычніка кіраўніцтва недзяржаўнай газеты «Вечерний Бобруйск» прапанавала журналісту, сябру ГА «БАЖ» Дзмітрыю Растаеву напісаць заяву на адпачынак.

Як распавёў сп. Растаеў у сваім блогу ў Жывым Журнале, такое рашэнне стала следствам візіту заснавальніка газеты Валянціна Сысоя да намесніка старшыні бабруйскага гарвыканкама Міхаіла Кавалевіча, адказнага за «ідэалагічны накірунак». Той паказаў заснавальніку падборку раздруковак з ЖЖ і рэспубліканскай «Белгазеты», з якой супрацоўнічае журналіст, і заявіў: «Альбо Растаеў перастае друкавацца дзе-кольвек, акрамя як у вас, альбо самі разумееце… Падумайце пра газету».

Паводле Д. Растаева, пасля размовы яго выклікала кіраўніцтва выдання і патлумачыла, што вымушана прыслухацца да «настойлівага пажадання» гарвыканкама, бо не можа рызыкаваць бізнесам. Журналісту прапанавалі напісаць заяву на адпачынак і паведамілі, што прыпыняюць яго публікацыі, «а там паглядзім».

Адпачынак, хутчэй за ўсё, акажацца «бестэрміновым», — лічыць журналіст.

Сярод публікацый, якія, на думку Д. Растаева, маглі выклікаць раздражненне чыноўнікаў, — артыкул «Есть ли жизнь в гиперкубе?» у апошнім нумары «Белгазеты» (19.10.2010) з расповедам пра ціск на сябраў ініцыятыўных груп кандыдатаў; нядаўні пост у ЖЖ-кам’юніці by_politics «Батька наш, иже еси?» з рэзкімі выказваннямі на адрас удзельнікаў абласнога семінару ідэалагічных работнікаў; публікацыя ў самім «Вечернем Бобруйске» «Гайд-парк по-бобруйски» з фотарэпартажам і расповедам пра збор подпісаў за апазіцыйных кандыдатаў.

«Так што, спадары блогеры і незалежныя журналісты, у мяне для вас дзве навіны… Кепская: тыя, хто яшчэ не паспеў схавацца за бязлікімі нікамі і сакрэтнымі псеўданімамі, будзьце гатовыя: шанец згубіць працу сёння ў вас вялікі, як ніколі. Добрая: гэтыя ўроды нас усё-такі чытаюць… А значыць, працуем мы не дарэмна…», — рэзюмуе журналіст у сваім ЖЖ.

«Гэта не віна рэдактара газеты, і не віна яе заснавальніка. Яны паднявольныя людзі. З імі подла паступілі чыноўнікі, выклікаўшы не мяне асабіста, а маё начальства, прымусіўшы іх аказаць ціск на мяне. Кіраўніцтва «Вячэрняга Бабруйску» я ведаю вельмі даўно — з пачатку 90-ых. Мы разам пачыналі, гэта мае сябры,« — распавёў у гутарцы з «НН» сам журналіст.

Прэс-служба ГА «БАЖ» звязалася з заснавальнікам «Вечернего Бобруйска» Валянцінам Сысоем, які заявіў, што пра публікацыі ў «Вечернем Бобруйске» ў гарвыканкаме гаворкі не ішло — толькі пра «Белгазету» і ЖЖ. Асаблівыя прэтэнзіі тычыліся ЖЖ, дзе журналіст і сапраўды, па словах заснавальніка, «дапускае неэтычныя выказванні на адрас канкрэтных людзей».

Разам з тым, ён згодны, што змест блогу — асабістая справа кожнага чалавека, і кажа, што ніякіх прэтэнзій да Растаева ў яго няма — акрамя хіба што распаўсюду зместу прыватнай гутаркі, якая адбылася пасля візіту ў гарвыканкам.

«Так, маімі рукамі хацелі націснуць на яго, — прызнае заснавальнік. — Але мы не маем выбару — у нас на рахунку ў гэтым годзе ўжо ёсць адно папярэджанне Мінінфармацыі, нашы журналісты акрэдытаваныя пры гарвыканкаме…»

На пытанне, ці прапануе кіраўніцтва газеты журналісту вярнуцца з «адпачынку», адказаў: «Не ведаю, я павінен з ім пагутарыць».

На думку намесніка старшыні ГА «БАЖ» Андрэя Бастунца, гэтая сітуацыя — праява грубага выкарыстання адміністратыўнага рэсурсу гарвыканкамам. «Калі нехта лічыць, што журналіст дапусціў нейкае парушэнне ці зняважыў кагосьці ў ЖЖ, ён можа выставіць да яго прэтэнзіі як да фізічнай асобы, паколькі гэта не звязана з яго вытворчай дзейнасцю. І нават калі прэтэнзіі тычацца публікацый у канкрэтнай газеце — таксама існуе законны парадак прад’яўлення прэтэнзій. Тут жа прысутнічае толькі ціск, а ніяк не закон…»

Працяг артыкулу

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства