Школы і садкі забяспечваюць пікеты педагогамі (фота неафіцыйнага дакумента)
Еўрарадыё атрымала копію дзіўнага дакумента аб удзеле педагогаў у пікетах за Аляксандра Лукашэнку. І пацікавілася, ці сапраўды адміністрацыйны рэсурс выкарыстоўваюць так адкрыта і ці не ёсць гэта парушэннем заканадаўства.
На
копіі дакумента, які аказаўся ў распараджэнні Еўрарадыё, на кожны дзень цягам
двух тыдняў пазначаны час, нумары школ і садкоў, з якіх патрабуюць прадставіць
сваіх супрацоўнікаў на пікет ля мінскага рынка "Серабранка".
Дакумент не мае ні нумару, ні пячаткі, ні подпісу. Адрасаты — "кіраўнікі
ўстаноў адукацыі". Іх просяць "забяспечыць удзел маладых,
ініцыятыўных супрацоўнікаў".
Графік складзены ад імя Анжэлы Насковай, старшыні аддзела ідэалагічнай і
выхаваўчай працы Ўпраўлення адукацыі Ленінскага раёна.
У
размове з Еўрарадыё Анжэла Наскова факт існавання графіка пікетавання ля рынка
"Серабранка" не адмовіла.
Анжэла Наскова: "Графік зрабілі так, каб людзям было
зручна, каб маглі чаргавацца, каб не было нагрузкай для іх. Мы прапануем
педагогам выйсці ў гэты час пікетаваць, але яны самі паводле свайго жадання
ідуць".
Згодна са словамі Анжэлы Насковай, ініцыятыва скласці графік належыць не
адукацыйнаму ўпраўленню раёна, а штабу Аляксандра Лукашэнкі.
Анжэла Наскова: "Гэта з рэкамендацыі штаба быў
распісаны час усіх ініцыятыўных людзей, як яны стаяць. У нас Асіпчук Святлана
Анатольеўна — прадстаўніца нашага штаба, і гэта распрацоўвалася разам з
ёй, гэта не проста я сабе ўзяла распрацавала".
Еўрарадыё: "Значыць, вы проста дапамагаеце
штабу?"
Анжэла Наскова: "Так, я сама ініцыятыўная
асоба, і мы працуем толькі праз штаб, толькі з яго згоды. Тое, што яны сказалі,
— тое мы і робім".
Ідэолаг упэўнівае, што школы могуць і адмовіцца, але яны добраахвотна самі
падтрымліваюць: "настаўнікі даволі падкаваныя ідэалагічна, разумеюць
сітуацыю", - кажа спадарыня Наскова.
19 кастрычніка Еўрарадыё праверыла, ці сапраўды людзі з пазначанымі ў дакуменце
прозвішчамі стаяць у пікеце.
На пікеце а 12-ай гадзіне прысутнічала сябра ініцыятыўнай
групы Аляксандра Лукашэнкі Ала Ляўкоўская, як і пазначана ў графіку. Каля яе —
група падтрымкі: чатыры жанчыны і дзве маладыя дзяўчыны. Усе — у шаліках
"Белая Русь". Ніхто з іх, апрача Алы Ляўкоўскай, пасведчанне сябра
ініцыятыўнай групы не паказаў.
Еўрарадыё: Вы з якой школы?
Дзве жанчыны: З 54-й.
Еўрарадыё, да дзвюх іншых жанчын: А вы — з 118-ай, так?
Дзве іншыя жанчыны: Не, дзіцячы садок №101" [той
самы, адкуль Ала Ляўкоўская — заўвага Еўрарадыё].
Еўрарадыё: А з 118-й школы ёсць?
Жанчыны: Не, не ведаем тут такіх, мы з 54-ай школы і садка
№101.
Звяртаюся да дзвюх маладых дзяўчат з групы падтрымкі, якія стаяць трохі
паасобку.
Еўрарадыё: Дзяўчаты, прывітанне! Вы з 118-й школы?"
Дзяўчыны: Так.
Еўрарадыё: Ці праўда, што вас школа адпраўляе прымусова?
Дзяўчыны (увесь час смяюцца): Не, мы добраахвотна! За
квітнеючую Беларусь!
Такім чынам, усе пазначаныя ў дакуменце школы і садкі за 19 кастрычніка
супадаюць.
Ала Ляўкоўская і жанчыны з групы падтрымкі абвяргаюць, што адукацыйныя ўстановы
фармуюць групы падтрымкі прымусова-добраахвотна.
Ала Ляўкоўская: "Я такога не чула. У мяне ёсць група
падтрымкі — хто жадае, той ідзе! Сцвярджаю, што такога не можа быць!"
Дырэктары шэрагу школ, якія пазначаныя ў графіку, таксама кажуць, што ўсё
добраахвотна. Вытрымкі з размоваў:
Еўрарадыё: Вам не здаецца дзіўным, што Ўпраўленне
адукацыі...
Дырэктарка школы: Не, мне не здаецца дзіўным... Гэта
добраахвотная справа кожнага чалавека.
Еўрарадыё: Як адбор настаўнікаў адбываецца на пікет?
Дырэктар іншай школы: Гэтае пытанне намеснік дырэктара па
выхаваўчай працы курыруе. А ўвогуле — усё добраахвотна. Большасць настаўнікаў
падтрымліваюць лінію кіраўніцтва, таму нікога прымушаць не даводзіцца.
Еўрарадыё: Ці можна не выконваць дакумент аддзела
ідэалогіі і не адпраўляць настаўнікаў на пікеты?
Дырэктар яшчэ адной школы: Вядома!
Еўрарадыё: А як гэта адбываецца? Вы, напрыклад, пытаецеся
ў настаўнікаў у настаўніцкай, хто хацеў бы пайсці?
Дырэктар яшчэ адной школы: Ну так!
19 кастрычніка Еўрарадыё звярнулася да старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай з
пытаннем, ці не з'яўляецца гэта выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурса і ці не
парушае выбарчае заканадаўства. Частка размовы:
Еўрарадыё: ...На ваш погляд, гэта не парушае выбарчае
заканадаўства?
Лідзія Ярмошына: Я не бачу гэтага дакумента, таму нічога
не магу каментаваць завочна з чужых словаў.
Еўрарадыё: А калі гэты дакумент — рэальнасць?
Лідзія Ярмошына: Я павінна яго бачыць. Я не думаю, што ён
існуе як рэальнасць.
Абсалютна не веру ў гэта... Гэта вам нехта паведаміў! Вы не бачылі гэтага
дакумента!
Еўрарадыё: Я трымаю яго копію ў руках...
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч кажа, што падобныя
прадпісанні — парушэнне выбарчага заканадаўства.
Валянцін Стэфановіч: "Я лічу, гэта незаконна. Гэта
выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурса чысцейшай вады. Паводле 61-га
артыкула Выбарчага кодэкса, забараняецца ўдзел адміністрацый арганізацый у
зборы подпісаў... Усе садкі і школы падпарадкоўваюцца раённаму аддзелу
адукацыі. Выходзіць, што аддзел адукацыі раёна, выкарыстоўваючы свае службовыя
паўнамоцтвы, накіроўвае сваіх падначаленых на пікеты".
Валянцін Стэфановіч задаецца пытаннем: ці аплачваецца
педагогам час пікетавання з дзяржаўнага бюджэту альбо яны бяруць адгул з працы?
Вытрымка з
артыкула 61 Выбарчага кодэкса РБ: "Удзел адміністрацыі
арганізацыі ў зборы подпісаў, як і прымус у працэсе збору подпісаў і
ўзнагароджанне выбарцаў за ўнясенне подпісу, не дапускаюцца. Парушэнне гэтых
патрабаванняў можа быць падставай для адмовы ў рэгістрацыі альбо адмены рашэння
аб рэгістрацыі кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь".