“Калінкавіцкія навіны” пра “невядомага” Рымашэўскага
Дзяржаўныя газеты звычайна ўвогуле нічога не паведамляюць пра альтэрнатыўных прэтэндэнтаў у прэзідэнты, а калі такія публікацыі з’яўляюцца, то самі вылучэнцы і іх атачэнне паўстаюць у непрывабным свеце.
Так, для дзяржаўнай газеты “Калінкавіцкія навіны” не застаўся па-за ўвагі візіт у горад каардынатара па стварэнні БХД Віталя Рымашэўскага. Артыкул пад красамоўнай назвай “А низы не хотят” змешчаны на сайце газеты ад 14 кастрычніка ў рубрыцы “Выбары-2010”.
Не паведамляючы нічога канкрэтнага пра альтэрнатыўнага прэтэндэнта, выданне малюе людзей, што сабраліся на сустрэчу з ім, крыкунамі і балбатунамі.
Артыкул пачынаецца так, нібыта прысвечаны збору подпісаў у пікетах. Пачынаючы сваю прагулку па Калінкавічах, першым аўтар “обнаружил” пікет “представителей «БРСМ» за выдвижение кандидатом в Президенты Республики Беларусь ныне действующего Главы государства”. Даволі прадказальна, што збор подпісаў там ішоў, паводле аўтара, вельмі рухома.
Потым Александр Века ўбачыў пікет па збору подпісаў за “неизвестного ему” Віталя Рымашэўскага. Гэта дазваляе яму ўласную палітычную цьмянасць перанесці на ўсіх жыхароў Калінкавічаў: “я более чем уверен, этот молодой человек точно также неизвестен и большинству калинковичан”.
Аўтару надзіва шчасціць ўбачыць і самога Віталя Рымашэўскага з выбаршчыкамі, у якіх, вядома, то “разговор шел, как говорится, обо всем и ни о чем”, “то ли разговор не клеился, то ли каждому хотелось выговориться”. Што менавіта казаў Віталь Рымашэўскі, засталося для Векі таямніцаю. І хто ж гэта недасведчанаму ў прадвыбарных баталіях аўтару даручыў напісаць на гэтую тэму артыкул ў “Калінкавіцкія навіны”?
Далей аўтар прыводзіць некалькі думак, якія прагучалі з боку калінкавічан, якія тут жа раскрытыкаваў. Асабліва хвалюе Александра Веку, каб не здарылася ў грамадстве рэвалюцыйная сітуацыя: яму запомніліся рэпліка аднаго з удзельнікаў гутаркі пра тое, што яна адсутнічае. На гэтым і вырашыў Аляксандр Века пабудаваць сваю галоўную выснову, якая робіцца ад імя ўсіх жыхароў Калінкавіч: “Слушая рассудительных калинковичан, я убедился, что они не хотят разрушать реальное ради иллюзорного”. Свой артыкул аўтар назваў даволі рэвалюцыйна: “А нізы не хотят!”.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”