Салігорск: Міліцыя падтрымала незалежнага прэтэндэнта ў кандыдаты
Ініцыятыўная група Алеся Міхалевіча наведала так званы "міліцэйскі" шматпавярховік, дзе атрымала на здзіўленне вялікую падтрымку.
"Мы збіралі подпісы ў новым мікрараёне і зайшлі ў дом, дзе пражывае вялікая колькасць супрацоўнікаў Салігорскага РАУСу. Гэта было нечакана, але ж значная колькасць жыхароў гэтага дома без аніякіх комплексаў падпісаліся за нашага прэтэндэнта, - распавёў мясцовы актывіст Уладзімір Шыла. - Некаторыя, праўда, казалі, што міліцыя не ўдзельнічае ў выбарах. Тады я запытваўся, няўжо ж яны і галасаваць не пойдуць. Пытанне ставіла іх у тупік".
Павел Батуеў, які не аднойчы затрымліваўся мясцовымі супрацоўнікамі міліцыі за ўдзел у палітычных акцыях ў апошнія гады, пацвердзіў словы свайго паплечніка па зборы подпісаў:
"Сустрэў у гэтым доме вельмі шмат цяпер ужо знаёмых твараў з аддзялення міліцыі. У самога існавалі пэўныя стэрэатыпы. Слаба верылася, што будуць актыўна падпісвацца. Тым не менш, подпісы збіраліся абсалютна нармалёва, абсалютна параўнальна з астатнімі дамамі. Нават лепш, чым у некаторых іншых. Праўда вось спадар Жылінскі, які так бы мовіць "курыруе" салігорскую апазіцыю ў мясцовым РАУСе, пакінуць свой подпіс, нажаль, адмовіўся".
Агулам прадстаўнікі ініцыятыўнай групы Міхалевіча адзначаюць больш спакойную абстаноўку пры зборы подпісаў у параўнанні з мінулай прэзідэнцкай кампаніяй. Палярызацыя грамадства, на іх думку, зменшылася. І калі раней апантаныя прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі пры з'яўленне зборшчыка подпісаў за апазіцыйнага кандыдата літаральна "лаяліся матам і махалі рукамі", дык цяпер большасць з іх проста адмаўляецца падпісвацца ды зачыняе дзверы.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”