Астаповіч просіць Макея абараніць стары Менск
Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч зьвярнуўся да кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзіміра Макея ў справе аднаўленьня гістарычнага цэнтру Менску.
У лісьце Астаповіч адзначае, што, нягледзячы на
замацаваную нарматыўна-прававымі актамі дэталёвую рэглямэнтацыю працаў
па рэканструкцыі і рэстаўрацыі гістарычнага цэнтру сталіцы, на тэрыторыі
гэтай гісторыка-культурнай каштоўнасьці міжнароднага значэньня
адбываюцца два ўзаемавыключальныя працэсы: пошук рашэньняў для
гарманічнай рэгенэрацыі і хаатычнае будаўнічае асваеньне асобных
пляцовак, што груба супярэчыць заканадаўству, паведамляе БелаПАН.
На
думку аўтара, некарэктныя адносіны да нарматыўна-прававых дакумэнтаў
прыводзяць да зьнішчэньня гістарычных будынкаў, маштабу і характару
аб'екта, зьмены пляніровачнай структуры, ляндшафту і спосабу забудовы
помніка, фальсыфікацыі схемы чырвоных ліній гістарычных кварталаў, у тым
ліку старадаўняй вуліцы Нямігі, страты нявывучаных элемэнтаў былой
высокашчыльнай гарадзкой гістарычнай забудовы, стварэньня новай
горадабудаўнічай сытуацыі, якая пазбаўляе каштоўнасьць яе якасных
характарыстык і не дазваляе праводзіць далейшую працу ў адпаведнасьці зь
дзейнымі рэстаўрацыйнымі мэтодыкамі.
8 верасьня таварыства накіравала старшыні Менгарвыканкаму Мікалаю Ладуцьку
запыт з просьбай прыняць старшыню таварыства для пошуку шляхоў, як
вярнуць сытуацыю з узнаўленьнем гістарычнага цэнтру Менску ў
адпаведнасьць зь дзейным заканадаўствам у галіне аховы
гісторыка-культурнай спадчыны, паведамляецца ў лісьце.
Аўтар
ліста выказвае жаль, што грамадзкае аб'яднаньне не атрымала адказу на
свой запыт. Астаповіч зьвяртаецца да Макея з просьбаю дапамагчы
арганізаваць сустрэчу кіраўніцтва таварыства са старшынёй
Менгарвыканкаму, а таксама просіць асабістага прыёму ў кіраўніка
Адміністрацыі прэзыдэнта ў сувязі з тым, што ахова гісторыка-культурнай
спадчыны і дасканалае выкананьне нарматыўна-прававых дакумэнтаў у гэтай
сфэры "зьяўляюцца пытаньнямі надзвычайнай дзяржаўнай важнасьці".