Камітэт па правах чалавека ААН прыняў да разгляду скаргу грамадзянкі Беларусі
Таццяна Ячнік з Брэста атрымала паведамленне з Камітэта па правах чалавека ААН. З паведамлення стала вядома, што яе скарга ад 10 чэрвеня 2009 года атрымана, зарэгістравана і накіравана дзяржаве Рэспубліка Беларусь, на якую Таццяна Ячнік скардзілася.
Па словах юрыста-праваабаронцы Уладзіміра Малея, ёсць спадзяванне, што Камітэт па правах чалавека станоўча вырашыць пытанне Таццяны Ячнік:
– Думаю, што будзе прынятае рашэнне, каб Рэспубліка Беларусь прызначыла Таццяне Ячнік пенсію па ўзросту і выплаціла ёй за той перыяд пенсію, а таксама ўсе расходы і маральную кампенсацыю шкоды, якую прычыніла дзяржава Таццяне Ячнік.
Нагадаем, што праваслаўнай верніцы, інжынеру лікёра-гарэлачнага завода Таццяне Ячнік сацыяльны аддзел тры гады таму адмовіўся налічыць пенсію па ўзросту па прычыне нежадання апошняй замяніць пашпарт савецкага ўзору на новы. Вера не дазваляе жанчыне мець пашпарт з ідэнтыфікацыйным нумарам. Рашэнне беларускіх судоў было не на карысць Ячнік.
Па ўсёй Беларусі адмовіліся ад пашпартоў новага ўзору болей 500 чалавек.