Ідэалагічны складнік прэзідэнцкіх выбараў забяспечаны - райвыканкамамі
Да незалежных назіральнікаў патрапіў дакумент – “План арганізацыйна-ідэалагічнага забеспячэння выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 19 снежня 2010 года на тэрыторыі Салігорскага раёна”, зацверджаны 23 верасня старшынёй райвыканкама А.Б.Рымашэўскім. Пад дакументам падпісаліся начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай працы В.Е.Кохан і намеснік начальніка адзела ідэалагічнай працы Т.Н.Субоціна. Гэты План, напэўна, не выклікаў да сябе падвышанай цікавасці з боку назіральнікаў, калі б не меў відавочнага ухілу на ідэалагічнае забеспячэнне выбараў.
Асабліва цікавыя з гэтага пункту гледжання палажэнні дакумента каментуе аналітык кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Валянцін Стэфановіч.
Праваабаронца адзначае, што пэўная частка пунктаў Плана, прапісаных салігорскімі чыноўнікамі раённага масштабу, супярэчнасцяў не выклікаюць – паколькі ў адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам выканаўчыя камітэты сапраўды павінны супрацоўнічаць з тэрытарыяльнымі камісіямі і садзейнічаць у арганізацыі шэрагу выбарчых мерапрыемстваў. Да прыкладу – вызначаць месцы, забароненыя для збору подпісаў, месцы для правядзення масавых мерапрыемстваў, якія арганізуюць кандыдаты ў прэзідэнты, прадастаўляць памяшканні для правядзення сустрэчаў з выбаршчыкамі і г.д.
Разам з тым План утрымлівае пункты, якія яскрава сведчаць пра тое, што выбарчы працэс у краіне вельмі моцна кантралюецца выканаўчай “вертыкаллю”. Звернемся да некаторых палажэнняў, распрацаваных Салігорскім выканкамам.
Так, у пералік арганізацыйных мерапрыемстваў уключана “Правядзенне нарады з старшынямі і сакратарамі ўчастковых камісій па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”. У якасці выканаўцаў гэтага пункту пазначаны раённы выканаўчы камітэт і раённая выбарчая камісія. Агульнапрынятая практыка – калі вышэйстаячы камісіі праводзяць пэўныя паседжанні, навучальныя семінары для ўтвораных выбаркамаў, дзе тлумачаць нормы заканадаўства. Але выканаўчыя камітэты тут ні пры чым, яны ствараюць камісіі, якія далей павінны дзейнічаць самастойна, падкрэслівае В.Стэфановіч.
“Правядзенне нарады-вучобы па пытаннях ідэалагічнага забеспячэння падрыхтоўкі і правядзення выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з намеснікамі кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый, гаспадарак па ідэалагічнай працы” ускладзена на аддзел ідэалагічнай працы райвыканкама. У праваабаронцаў ізноў узнікае пытанне - прычым аддзелы ідэалагічнай працы райвыканкама да правядзення выбараў?
“Ёсць вызначаныя заканадаўствам органы, адказныя за правядзенне выбараў – і гэта, яўна, не адміністрацыі прадспрыемстваў і арганізацый, - нагадвае В.Стэфановіч. - То бок, гэты пункт паказвае на тое, што арганізацыяй выбараў у нас насамрэч займаюцца выканкамы, адміністрацыі прадпрыемстваў і установаў, што я лічу недапушчальным”.
Таксама сумеснымі намаганнямі аддзела ідэалагічнай працы, аддзела па справах моладзі райвыканкама і раённага камітэта БРСМ у Салігорскім раёне у перыяд перадвыбарчай кампаніі запланавана “Правядзенне цыклу асветніцкіх мерапрыемстваў з моладдзю, якая ўпершыню бярэ ўдзел у выбарах. Садзейнічанне РК ГА “БРСМ” у арганізацыі і правядзенні інфармацыйна-растлумачальнай працы з моладдзю, якая навучаецца і працуе”. У сувязі з гэтым праваабаронца адзначае агульнавядомасць таго факту, што БРСМ адказвае за ідэалагічнае забеспячэнне існуючай улады. “І можна толькі здагадвацца, якую інфармацыйна-растлумачальную працу яны будуць праводзіць з моладдзю. Гэта можа ператварыцца проста яшчэ ў адну магчымасць для агітацыі за вылучэнне аднаго з кандыдатаў і падтрымку яго пасля рэгістрацыі, - засцерагае аналітык. - Відавочна, што такой магчымасці давераныя асобы і групы падтрымкі іншых кандыдатаў будуць пазбаўленыя - я маю на ўвазе доступ менавіта да навучальных установаў, арганізацый і г.д.”
Але найбольшую ўвагу “Праваабаронцаў за свабодныя выбары” выклікаў намер ідэолагаў Салігорскага райвыканкама, заяўлены ў пункце “Арганізацыя працы назіральнікаў у выбарчых камісіях ад працоўных калектываў, палітычных партыяў, грамадскіх аб’яднанняў”. Праваабаронцы лічаць, што назіранне за выбарамі – справа саміх суб’ектаў, якія бяруць удзел у выбарчай кампаніі. Палітычныя партыі, грамадскія арганізацыі самастойна вызначаюцца, ці з’яўляецца назіранне за выбарамі статутнай мэтай іх дзейнасці. А з дадзенага дакумента вынікае, што ідэолагі раённага масштабу будуць арганізоўваць працу ў выбарчых камісіях назіральнікаў ад палітычных партыяў і грамадскіх аб’яднанняў.
“Натуральна, гаворка ідзе пра праўладныя структуры. І гэта не новая тэндэнцыя, калі ўлады актыўна арганізоўваюць назіральнікаў на выбарчыя ўчасткі ад такіх праўладных структураў, - падкрэслівае В.Стэфановіч. - Яны гэта робяць, у тым ліку, і з мэтай нейтралізацыі інфармацыі, якая будзе паступаць ад незалежных назіральнікаў, назіральнікаў ад апазіцыйных палітычных партыяў - з мэтай легітымізацыі вынікаў выбараў”.
На думку праваабаронцаў, такога кшталту дакументы прымаюцца ўсімі раённымі выканкамамі і падчас правядзення ўсіх выбарчых кампаніяў, а тым больш прэзідэнцкіх.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”