viasna on patreon

Віцебск: Пікеты з бел-чырвона-белым сцягам выклікаюць цікавасць гараджан

2010 2010-10-13T17:52:58+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/piket-bhd-vitebsk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Пікет у Віцебску пад час выбараў 2010 года.

Пікет у Віцебску пад час выбараў 2010 года.

Сцяг прынеслі зборшчыкі подпісаў з партыі БХД. І мінакі пачалі падыходзіць да іх больш актыўна.

Тацяна Севярынец, віцебская каардынатарка БХД, распавядае:

- Я меркавала, што са сцягам буду больш прыкметная, што людзі адразу пойдуць падпісвацца. Да таго ж бел-чырвона-белы сцяг мне самой адразу ўздымае настрой, і я вырашыла, што накіну яго на плечы, прыкалю партыйным значком БХД… Учора выйшла так у першы раз, людзі сапраўды да мяне пайшлі, але ў тым ліку і занадта агрэсіўныя прыхільнікі Лукашэнкі. Было нават страшнавата, бо яны абражалі, крычалі “А што гэта ты начапіла!” Адна спадарыня два дні хадзіла вакол, і  ўрэшце заявіла: “Як я ненавіджу ваш бел-чырвона-белы сцяг! Вось хацела падпісацца за Рымашэўскага, а цяпер не буду!” Упрошваць яе, вядома, я не стала… Але былі і прыемныя моманты: сігналілі машыны, нейкія студэнты крычалі мне “Жыве Беларусь!”, і я ім адказвала: “Жыве з Богам!”

Паколькі на сцяг сапраўды пачалі звяртаць увагу, яго нават прасілі пазычыць з іншых пікетаў. Такім чынам сцяг Тацяны Севярынец трапіў да Аляксандра Кузняцова, які ўчора вітаў на пікеце Рыгора Кастусёва, за вылучэнне якога збірае подпісы.

А сёння са сцягам на плячах выйшла на пікет яшчэ адна прыхільніца БХД, студэнтка Карына. Яна распавяла, што да пікету стала больш актыўна падыходзіць моладзь:

- Неяк аматараў паспрачацца ўжо паменела, затое стала больш цікаўных. Падыходзіць, да прыкладу, дзяўчына - на твары пірсінг, сама ў чорным адзенні - і кажа: “ А з якой нагоды такі сцяг? Я “готка”, у палітыцы не разбіраюся, але мне стала цікава”. Шмат хто падпісваецца, асабліва з младых.

Не абмінаюць пікет і старэйшыя. Збіральнікі подпісаў, якія стаяць уздоўж вуліцы Леніна цэлым шэрагам, распавядаюць пра ўнікальны выпадак: падпісацца прыйшла спадарыня 1919 году нараджэння. Адмаслова папрасіла дачку, каб яе прывяла туды, дзе збіраюць подпісы “за апазіцыю”. І абедзьве падпісаліся за ўсіх патэнцыйных кандыдатаў, абмінуўшы толькі пікет па зборы подпісаў за вылучэнне А. Лукашэнкі.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства