viasna on patreon

Сталічныя выданні пра выбары маўчаць

2010 2010-10-13T11:23:56+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stos_vydanniau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Ні гарадскія выданні -- “Мінскі кур’ер” і “Вячэрні Мінск”, ні абласная газета “Мінская праўда”, ні раённая -- “Прысталічча” за апошнія тыдні так і не паінфармавалі сваіх чытачоў аб тым, хто з суграмадзянаў прэтэндуе на вышэйшую пасаду ў дзяржаве.

Толькі ўважліва чытаючы матэрыялы пад рубрыкай “Афіцыйна”, чытач можа зрабіць выснову, што ў краіне ідзе выбарчая кампанія, бо мясцовыя органы ўлады ствараюць камісіі.

Тэматыка мясцовых газет даволі разнастайная. Але найчасцей яна датычыцца побытавага і гаспадарчага боку жыцця горада і раёна: будаўніцтва, гандлю,  камунальнай гаспадаркі... На першы погляд можа скласціся ўражанне, што сярэднестатыстычны чытач, жыхар сталіцы і наваколля, нічым, акрамя побыту, больш і не цікавіцца. Але чэргі каля пікетаў па збору подпісаў за вылучэнне апазіцыйных кандадатаў сведчаць пра адваротную тэндэнцыю: “прапанова” дзяржаўных мясцовых газет не можа збіць хвалю цікавасці людзей да выбараў. Нярэдка людзі прызнаюцца, што самі шукаюць пікеты па збору подпісаў, каб вырвацца з… інфармацыйнага вакууму.

У той жа час некаторыя газеты пачалі публікаваць матэрыялы пра праўрадавыя арганізацыі, якія актыўна ўключаны ў выбарчыя мерапрыемствы і збор подпісаў за дзеючага прэзідэнта. Так, “Вячэрні Мінск” друкуе шэраг матэрыялаў, у якіх паказвае пазітыўную дзейнасць “Белай Русі”, “Беларускага Саюза жанчын”, Чырвонага Крыжа і іншых. “Мінскі кур’ер” і “Прысталічча” практычна знаходзяцца па-за палітыкай і больш пішуць пра людзей горада-раёна ды гаспадарку.

Ва ўскоснай падтрымцы дзеючага прэзідэнта першую скрыпку граюць рэспубліканскія СМІ, асабліва электронныя. Прынамсі, усе яны хутка паведамілі пра стварэнне грамадскіх прыемных па збору подпісаў за Лукашэнку “Белай Руссю”. Пры гэтым, напрыклад, тэлеканал ОНТ падкрэсліў, што людзі змогуць не толькі паставіць подпіс, але і вырашыць свае сацыяльныя і побытавыя пытанні. Іншымі словамі -- што ўлада можа дапамагчы ў абмен на яе падтрымку. 

На тле інфармацыйнага голаду выбаршчыкаў патэнцыйныя кандыдаты, сябры іх ініцыятыўных груп трапілі ў пастку. З аднаго боку, трэба сабраць 100 тысяч подпісаў за вылучэнне “свайго” прэтэндэнта, з іншага – людзі часта шчыра прызнаюцца, што нікога, акрамя Лукашэнкі, не ведаюць. І калі біяграфіі будучага кандыдата людзям недастаткова і яны пачынаюць распытваць аб праграме, то актывісты вымушаны быць вельмі сціслымі: агітацыя ім пакуль не дазволена.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства