viasna on patreon

ЛГБТ-актывісту далі штраф 700 тысяч

2010 2010-10-13T09:16:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pradzed.jpg

11 кастрычніка геі і лесбіянкі ўсяго свету адзначаюць дзень «Камінг аўту» (ад англ. coming out -- дзень добраахвотнага раскрыцця сваёй сексуальнай арыентацыі). У Мінску з гэтай нагоды прайшла акцыя. Напярэдадні актывісты ЛГБТ-руху падалі заяўку на правядзенне публічнага мерапрыемства, але Мінгарвыканкам афіцыйна адмовіў ім.

«Для мяне гэта ужо пятая адмова з пяці заяваў, — расказвае адзін з заяўнікаў акцыі, Сяргей Прадзед. -- Артыкулы Канстытуцыі, міжнародных пактаў і законаў не маюць ніякай вагі для гэтай дзяржавы».

У акцыі ўзялі ўдзел дзесяць чалавек. Яны прайшлі з вясёлкавай сімволікай ад станцыі метро "Купалаўская" да Нямігі і назад. Сяргей Прадзед застаўся стаяць на Кастрычніцкай плошчы з выпіскамі з Канстытуцыі арт. 35 пра свабоду сходаў, а таксама з паперамі пра адмову Мінгарвыканкаму. На другім плакаце ў Сяргея было напісана: «Дзе?» (у сэнсе, «дзе гэтая свабода?») Ён распавядаў мінакам пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Праз хвілін трыццаць падышлі два амапаўцы, папрасілі распавесці пра прычыну пікету.

Хлопца затрымалі і адвезлі ў РУУС. На Прадзеда быў складзены пратакол і перапісаныя рэчы, сярод якіх пасведчанне ініцыятыўнай групы Някляева і ўлёткі «Скажы «не» смяротнаму пакаранню». Прадзед расказвае, што гэтыя паперы выклікалі шэраг пытанняў. Хлопец адмовіўся адказваць і папрасіў адваката, аднак у гэтым яму адмовілі.

Пасля допыту Сяргея Прадзеда адвезлі на Акрэсціна, дзе ён правёў ноч у чаканні суда. У аўторак суд Цэнтральнага раёна Мінска пакараў ЛГБТ-актывіста штрафам у памеры 20 базавых велічыняў (700 тыс. рублёў), па артыкуле 23.34 ч.3 КаАП.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства