У Магілёва з'явіўся новы інфармацыйны інтэрнэт-рэсурс
Дзвюхмоўны сайт арыентаваны ў першую чаргу на жыхароў абласнога цэнтру.
«Асноўная задача GORAD.BY — аб’ектыўна падаваць гарадскія навіны, звесткі аб падзеях у краіне і свеце. Мы працуем для людзей!», — заяўляюць стваральнікі сайта.
Сярод раздзелаў рэсурсу — «Краіна і свет», «Палітыка», «Фінансы», «Грамадства», «Здарэнні», «Вольны час», «Здароўе», «Спорт». Ёсць асобныя раздзелы відэа і фота. У «галоўных навінах» тэма выбараў сёння не прысутнічае. Але раздзел «Палітыка» бадай цалкам прысвечаны гэтай тэме, а ў раздзеле «Відэа» прапануецца рэпартаж з першых пікетаў па зборы подпісаў за кандыдатаў. Зрэшты, як паведаміла ў гутарцы з прэс-службай ГА «БАЖ» адна з аўтарак рэсурсу, магілёўская журналістка Ганна Ільіна, адкрыццё сайта супала з выбарамі выпадкова.
Па яе словах, з сайтам супрацоўнічаюць і студэнты, і прафесійныя журналісты. «Безумоўна, нам бы хацелася, каб сайт напаўняўся пераважна ўласнымі матэрыяламі. Спадзяемся, у перспектыве гэта атрымаецца», — кажа яна.
Нагадаем, што год таму Ганна Ільіна спрабавала зарэгістраваць у Міністэрстве інфармацыі газету «Магілёўскі час», але безвынікова.