Салігорск: Раёнка дэзінфармуе выбаршчыкаў
У нумары 156-159 (11286-11289) ад 7 кастрычніка 2010 году на другой старонцы грамадска-палітычнага выдання "Шахцёр" на палову паласы змешчана інтэрв'ю з Лідзіяй Клішэвіч, старшынёй Салігорскага раённага выбаркама. Адначасова яна з'яўляецца старшынёй Салігорскага раённага Савету дэпутатаў. У інтэрв'ю пад загалоўкам "Время выбора" прадстаўніца ўлады распавядае пра тэхнічныя акалічнасці працэсу збору подпісаў, а таксама нагадвае пра рашэнне райвыканкама аб вызначэнні забароненых для правядзення пікетавання месцаў. Далей цытуецца частка рашэння з падрабязным пералікам гэтых самых месцаў.
Аднак пералік забароненых месцаў не можа не выклікаць здзіўлення. У прыватнасці аўтар артыкула, спасылаючыся на спадарыню Клішэвіч, уключыў у спіс забароненых месцы на адлегласці менш 50 метраў ад тэрыторый арганізацый, забяспечваючых жыццядзейнасць насельніцтва (грамадскі транспарт, прадпрыемства вода-, цпела- і энэргазабеспячэння, бальніцы, паліклінікі, дзіцячыя дашкольныя ўстановы, установы адукацыі, фізічнай культуры і спорта), а таксама цэнтральныя плошчы горада Салігорска, гарадскіх пасёлкаў Старобін і Чырвоная Слабада. Але рашэннем Салігорскага райвыканкаму № 1851 ад 1 кастрычніка пералічаныя гарадскія тэрыторыі былі выключаны са спісу забароненых для пікетавання месцаў. І самае цікавае, што ў гэтым жа нумары выдання на старонцы 15 апошняе рашэнне і апублікавана. У выніку - вялікае інтэрв'ю старшыні мясцовага выбаркаму з пералікам забароненых месцаў у палове гораду на другой старонцы і невялічкую зацемку са значна меншым "чорным" спісам у канцы газеты.
Як стала вядома прадстаўнікам кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", шэраг грамадзянаў плануюць звярнуцца ў афіцыйны друкаваны орган Салігорскага выканкаму з патрабаваннем змясціць абвяржэнне дадзенай у інтэрв'ю з Лідзіяй Клішэвіч інфармацыі ў бліжэйшым нумары газеты.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”