Адвакат Сапелка не атрымаў ліст Аўтуховіча з калёніі
Не ўпершыню на волю не даходзяць лісты Мікалая Аўтуховіча. Гэтым разам не атрымаў ліста ад свайго падабароннага адвакат Павал Сапелка. Паводле Сапелкі, з тэлефоннай размовы з ягоным падабаронным, якая адбылася днямі, яму стала вядома, што Аўтуховіч яшчэ 3 тыдні таму напісаў і адправіў яму ліст. Нібыта гэта быў аповед пра нейкія праблемы вязьня, таму адміністрацыя і прытрымала гэта пасланьне, мяркуе Павал Сапелка. Гэты факт не зьдзівіў адваката, улічваючы, паводле ягоных словаў, адносіны Мікалая Аўтуховіча і адміністрацыі Івацэвіцкай калёніі:
«Ніякіх подпісаў пра паводзіны на шляху выпраўленьня ён ня даў, ні ў якія сэкцыі пра падтрыманьне дысцыпліны ў калёніі не ўступіў, таму — сядзіць, як пацан».
Паводле Паўла Сапелкі, пэўных зрухаў у лячэньні Мікалая Аўтуховіча, якому патрэбна тэрміновае пратэзаваньне зубоў, няма.
Людзьміла Асіпенка кажа, што атрымала ад бацькі, Уладзімера Асіпенкі, пэўнае пацьверджаньне таго, што з яго зьнялі год паводле амністыі. Цяпер у сям’і Асіпенкаў дакладна ведаюць, што тату мусяць вызваліць у лютым будучага году, але вызваленьне можа адбыцца і раней як умоўна-датэрміновае, кажа дачка вязьня.
«Умоўна-датэрміновае вызваленьне можа адбыцца і раней, але гэта залежыць ад адміністрацыі калёніі. Могуць і да новага году. Як вырашаць».
У панядзелак, 11 кастрычніка, у Савецкім судзе Менску пачынаецца суд над актывістам кампаніі «Гавары праўду» Міхасём Башурам, якога падазраюць у падробцы дакумэнтаў. Актывісту пагражае да 5 гадоў абмежаваньня волі. Паводле адваката Тамары Сідарэнкі, яе падабаронны Міхась Башура да суду падрыхтаваўся. Вінаватым сябе Башура не прызнае. Адвакат кажа, што мела месца памылка пры падліках прыбыткаў, а не наўмыснае ўвядзеньне ў зман крэдытнай установы, як кажа сьледзтва:
«Башура кажа, што ён памыліўся, і з гэтым можна пагадзіцца. Бо рэальна гэтак, што чым меней быў бы заробак паказаны ў даведцы, было б лепей. А ў яго паказаны большы заробак. І ў другой даведцы памер заробку фактычна ні на што не ўплываў. Таму можна казаць пра памылку, і я гэта буду рабіць».
Паводле адваката Тамары Сідарэнкі, на ўмовы ўтрыманьня Міхась Башура ня скардзіўся, хаця ў ягонай камэры на Валадарцы вязьняў удвая болей, чым спальных месцаў, і адпачываць даводзіцца па чарзе.