Круглае: Колькасць выбаршчыкаў відавочна зменшылася
У Круглянскім раёне Магілёўскай вобласці райвыканкам 6 кастрычніка прыняў рашэнне аб стварэнні на тэрыторыі Круглянскага раёна ўчасткаў для галасавання па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Дадзенае рашэнне райвыканкама за № 12-30 9 кастрычніка было апублікаванае ў № 79 Круглянскай раённай газеты “Сельскае жыццё”, заснавальнікамі якой з’яўляюцца Круглянскі раённы выканаўчы камітэт і Круглянскі раённы Савет дэпутатаў.
Усяго на тэрыторыі раёна створана 20 участкаў для галасавання. Пяць з іх будуць знаходзіцца ў гарадскім пасёлку Круглае, іншыя пятнаццаць – у сельскіх населеных пунктах.
Размяшчацца ўчасткі для галасавання будуць у установах культуры, школах, адміністратыўных будынках. Круглянскі ўчастак для галасавання № 3 будзе знаходзіцца ў будынку інтэрната дзяржаўнага ўнітарнага камунальнага дачэрняга будаўнічага прадпрыемства “Круглянская перасоўная механізаваная калона № 266”.
Відавочна, што колькасць людзей, якія будуць гэтым разам выбіраць прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Круглянскім раёне, значна паменшыцца ў параўнанні з папярэднімі прэзідэнцкімі выбарамі. Нават калі браць апошні 2009 год, то, калі на 1.01.2009 года, згодна статыстычных дадзеных, у Круглянскім раёне пражывала 16,1 тыс. чалавек, то на момант правядзення перапісу насельніцтва ў кастрычніку таго ж года ў раёне засталося 15 761 жыхароў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”