viasna on patreon

Слуцк: Збіраць подпісы цяпер лягчэй, чым у 2006-ым

2010 2010-10-07T17:45:12+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ok.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На Случчыне актыўна збіраюць подпісы ў падтрымку прэтэндэнтаў у кандыдаты ініцыятыўныя групы Рыгора Кастусёва, Алеся Міхалевіча, Андрэя Саннікава і Уладзіміра Някляева.
 
На думку сябра ініцыятыўнай групы Рыгора Кастусёва, у параўнанні з 2006-ым годам збіраць подпісы ў Слуцку стала лягчэй.

- Я гэта звязваю з тым, што колькасць людзей, незадаволеных уладай, вырасла, - заўважыў суразмоўца. – Прыхільнікі Лукашэнкі разважаюць: “Мы за Аляксандра Рыгоравіча. Ну, а хто там яшчэ? Нікога ж больш не падпусцяць”. Яшчэ пяць гадоў таму кожны другі жыхар Слуцка пенсійнага ўзросту агрэсіўна ставіўся да тых, хто збірае подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў. Цяпер сітуацыя змянілася. Я быў здзіўлены, калі мяне ветліва сустрэла супрацоўніца Слуцкага райвыканкама, запрасіла прайсці ў кватэру. Распісалася ў падпісным лісце, а потым пачала тэму пра цыганскага барона ... Развітваемся, а яна мне з добрай усмешкай кажа: “Сядзець разам будзем”.

Па словах сябраў каманд дэмакратычных кандыдатаў, некаторыя выбаршчыкі ахвотна даюць подпісы, успамінаючы малодшага сына Лукашэнкі: “Што ж нам чакаць, пакуль Коля вырасце!”.

Случчанін Віктар Двурэчынскі збірае подпісы ў падтрымку Рыгора Кастусёва і Алеся Міхалевіча.

- Мне запомніўся малады чалавек, які з парога заявіў, што будзе галасаваць за каго заўгодна, толькі не за Лукашэнку, - дзеліцца Віктар. - Хлопец працуе будаўніком. Ён распавядаў, што з жонкай збіраецца станавіцца у чаргу на жыллё. Трэба сабраць шмат даведак, і за кожны дакумент трэба плаціць грошы, паскардзіўся ён. Скаргаў і абурэнняў ў адрас уладаў падчас паходаў ад дзвярэй да дзвярэй сябрам ініцыятыўных групаў даводзіцца выслухваць незлічоную колькасць.
  
Здараецца, што людзі патрабуюць грошы за свой подпіс. Аднаго з іх калега Віктара сустрэў у інтэрнаце. “Ну, давай дзесяць баксаў!” - сказаў падвыпілы грамадзянін. – “Якія баксы?” - здзіўляўся зборшчык подпісаў. – “Ну, ты ж мне абяцаў 10 даляраў за подпіс”, - настойваў мужычок.

На думку зборшчыкаў подпісаў, праца гэта хоць і нялёгкая, але цікавая.

- Вельмі весела ў інтэрнатах подпісы збіраць, - кажа Віктар Двурэчынскі. - А ў нядзелю я пазваніў у кватэру і апынуўся ... на вяселлі. Маладая аддала подпісы за Міхалевіча і Кастусёва і сказала, што падтрымлівае незалежных кандыдатаў. Яна зусім юная. Гэта будуць першыя выбары ў яе жыцці.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства