Баранавічы: Гарвыканкам адмовіўся прадставіць інфармацыю пра месцы працы сяброў ТВК
7 кастрычніка баранавіцкія праваабаронцы Сяргей Гоўша і Карней Пятровіч накіравалі скаргу пракурору горада на дзеянні Баранавіцкага гарвыканкама. Яшчэ 1 кастрычніка праваабаронцы накіравалі зварот намесніку старшыні гарвыканкама Дз. Касцюкевічу, у якім прасілі прадставіць звесткі пра месца працы і займаемую пасаду кожнага сябра камісіі, бо згодна ч.4 арт. 34 Выбарчага кодэкса дзяржаўныя служачыя не могуць складаць болей адной трэці складу камісіі. Па той жа інфармацыі, якая друкуецца ў афіцыйнай газеце “Наш край” аб складзе створанай выбарчай камісіі, немагчыма вызначыць, ці выконваецца вышэйзгаданая норма Закона, паколькі дадзеныя аб месцы працы і займаемай пасадзе сябраў камісіі ў ёй адсутнічаюць. Пры гэтым заяўляльнікі адзначылі, што калі гарвыканкам палічыць нямэтазгодным публікаваць запытваемыя дадзеныя пра сяброў камісіі, то прасілі паведаміць ім асабіста.
Аднак у сваім адказе 4 кастрычніка № 01-15/846 Дз. Касцюкевіч адмовіў прадставіць інфармацыю пра месца працы і займаемую пасаду кожнага сябра камісіі, напісаўшы, што такія патрабаванні выходзяць за межы Выбарчага кодэкса і не звязаны з падрыхтоўкай і правядзеннем выбараў.
У сувязі з атрыманай адмовай Сяргей Гоўша і Карней Пятровіч накіравалі скаргу пракурору горада на дзеянні Баранавіцкага гарвыканкама, дзе просяць пракурора горада даць прававую ацэнку дзеянням Баранавіцкага гарвыканкама.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”