viasna on patreon

СУДОВЫ КАНВЭЕР (Навiны ад цэнтра "Верас")

2002 2002-08-26T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

16 жніўня ў Кастрычніцкім раённым судзе горада Віцебска разглядаліся адміністрацыйныя справы васьмі сяброў Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Нагадаем, што напрыканцы фэстывалю "Славянскі базар у Віцебску" апазыцыя зладзіла несанкцыянаваны пікет з асуджэньнем кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі. 15 дэмакратаў пратэставалі супраць заганнай эканамічнай палітыкі ды інтэграцыі Беларусі з Расеяй. Успамінае старшыня Віцебскай гарадзкой арганізацыі АГП Алена Залеская: "26 ліпеня пасьля закрыцьця "Славянскага базару", але калі яшчэ працаваў "Горад майстроў" і было шмат ягоных наведвальнікаў, чальцы нашай партыі арганізавалі акцыю пратэсту супраць рэжыма Аляксандра Лукашэнкі. Мы выступілі з асуджэньнем эканамічных захадаў, якія ажыцьцяўляюцца ў Беларусі. Акрамя таго, у нас быў лёзунг "Ня хочам быць дзевяностым суб'ектам Расеі!" Гэта зараз надзвычай актуальна.
Нашыя аднапартыйцы адстаялі 25 хвілінаў і іх забралі ў міліцыю. Калі нас вялі ў пастарунак, то атрымалася вельмі прыгожая дэманстрацыя. Наперадзе крочыў наш калега зь бел-чырвона-белым сьцягам, за ім ішлі людзі з плякатамі і ўжо потым міліцыя. Атрымалася шыкоўнае шэсьце!"
Але, натуральна, не за гэтае незвычайнае шэсьце судзілі "аб'яднаных грамадзянаў". Сябры АГП абвінавачваліся паводле Адміністратыўнага кодэкса за недазволены пікет у цэнтры горада. Працэс праходзіў даволі адметна. Калі дагэтуль судовыя паседжаньні пачыналіся пунктуальна або пазьней прызначанага тэрміну, то гэтым разам судзьдзя Аксана Афанасьева стала выклікаць апазыцыянэраў раней, чым было пазначана ў позвах. Відаць, яна не хацела, каб сьведкамі разгляду спраў сталі журналісты. Між іншым, спадарыня Афанасьева вядомая сваімі строгімі адміністрацыйнымі рашэньнямі ў дачыненьні да апазыцыйных дзеячаў. Але на апошнім судзе яна ня стала доўга высьвятляць абставіны справы і даволі лагодна паставілася да дэмакратаў.
"Аб'яднаныя грамадзяне" адзін за адным выклікаліся на паседжаньне. Усім васьмі апазыцыянэрам было вынесена самае мінімальнае пакараньне. Яны атрымалі папярэджаньні.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства