viasna on patreon

Яшчэ адзін фігурант справы аб падпалах выйшаў на волю

2010 2010-10-07T14:38:12+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/drot.jpg

6 кастрычніка зь менскага ізалятара на Акрэсьціна вызвалілі актывіста праваабарончага руху Барыса Ашчэпкава, які адбыў 6 сутак паводле спраў аб падпалах.
 Першага кастрычніка а 7-й раніцы да Барыса Ашчэпкава ў хату пазванілі супрацоўнікі міліцыі з гарадзкой управы барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю. Барыс Ашчэпкаў дзьвярэй не адчыніў, але празь некалькі хвілінаў іх проста ўзламалі.
Пасьля вобшуку маладога чалавека адвезьлі ў міліцыю да сьледчых. Там Барыс даведаўся, што падазраецца ва ўдзеле ў акцыі каля Генштабу, якая прайшла год таму ў Менску — на тэрыторыю каля вайсковага будынка невядомыя кінулі дымавую шашку і выкрыквалі лёзунгі супроць беларуска-расейскіх манэўраў.
Барыс свой удзел у гэтай акцыі адмовіў, але на волю яго не выпусьцілі. Праз тры дні маладому чалавеку паведамілі, што ён падазраецца ва ўчыненым на пачатку верасьня нападзе на ізалятар, што на вуліцы Акрэсьціна, і затрымалі яшчэ на 3 дні.
Чаму менавіта на яго зьвярнулі ўвагу міліцыянты?
Ашчэпкаў: «Раней я актыўна кантактаваў з бацькамі хлопцаў, якіх раней затрымлівалі. Дапамагаў ім шукаць адвакатаў, кантактаваў з БХК і „Вясной“. Відаць, яны вырашылі прайсьці па ўсіх кантактах, па ўсіх, хто неяк быў уцягнуты».
Карэспандэнт: «Якое ў вас уражаньне, наколькі кампэтэнтна вядзецца сьледзтва?»
Ашчэпкаў: «Калі будуць кожнага, хто неяк ведаў тых затрыманых ці іх бацькоў, затрымліваць, то, па-першае, сьледзтва неверагодна зацягнецца, а па-другое, пацерпіць вялікая колькасьць невінаватых людзей. Іх ужо зараз шмат. На допытах і за кратамі пабывалі больш за 20 чалавек».

Барыс Ашчэпкаў быў за кратамі 6 дзён. Малады чалавек кажа, што тыя некалькі допытаў, якія зь ім прайшлі, можна было правесьці і не ва ўмовах ізаляцыі. Ашчэпкаву адразу заявілі, што доказаў ягонай віны нібыта дастаткова, але пэўна нічога гэтак і не назвалі. Як зь ім абыходзіліся сьледчыя?
«Убопаўцы вялі сябе як мярзотнікі. Нават адмаўляліся пускаць у прыбіральню, што можна лічыць пэўным катаваньнем. Да тых часоў не пускалі, пакуль я не пачаў зь імі мінімальна размаўляць. Нават казалі, што калі што, могуць перакваліфікаваць артыкул на тэрарызм, а там зусім іншыя тэрміны — ад 10 гадоў да 25. Запалохвалі. А сьледчыя, як з Цэнтральнага РАУС, гэтак і з Маскоўскага, паводзілі сябе нармальна. Да іх у мяне заўваг няма».
Барыс Ашчэпкаў застаецца ў статусе падазронага. Ён падпісаў абавязаньне прыходзіць да сьледчых, як толькі яго паклічуць. Аднак сам актывіст мяркуе, што ў гэтай справы пэўных юрыдычных пэрспэктываў няма.
Паводле спраў аб падпалах і нападах на будынкі затрымлівалі некалькі дзясяткаў чалавек, у асноўным актывістаў анархічнага руху, эколягаў, якія пратэстуюць супроць будаўніцтва атамнай станцыі, актывіста «Правага альянсу». Больш за месяц застаюцца затрыманымі прынамсі двое — Аляксандар Францкевіч, якога абвінавачваюць у нападзе на ізалятар у Салігорску, і Мікалай Дзядок, якога падазраюць у рабаваньні мінакоў. Вядома, што вінаватымі яны сябе не прызнаюць.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства