viasna on patreon

Магілёўскі абласны суд не задаволіў скаргу абласной арганізацыі БНФ

2010 2010-10-07T08:56:13+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/suddd.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

6 кастрычніка адбыўся разгляд скаргі Магілёўскім абласным судом з нагоды неўключэння прадстаўніка ад ГА БНФ “Адраджэнне” Сяргея Фаміна ў склад абласной выбарчай камісіі. Суддзя Святлана Стэльмахава пакінула рашэнне, якое было прынятае на сумесным пасяджэнні кіраўніцтва Магілёўскага аблвыканкама і Прэзідыума Магілёўскага аблсавета дэпутатаў, у сіле. Рашэнне абскарджванню не падлягае.

Актывісты БНФ, пры дапамозе праваабронцаў, спрабавалі абскарзіць неўключэнне іх актывіста ў склад абласной выбарчай камісіі і патрабавалі змяніць рашэнне, прынятае на сумесным пасяджэнні 29 верасня аб утварэнні Магілёўскай абласной выбарчай камісіі па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і ўключыць у склад камісіі іх прадстаўніка, а таксама перадаць на судовае пасяджэнне ўсе матэрыялы, якія разглядаліся і прымаліся ўпраўленнем арганізацыйна-кадравай працы Магілёўскага аблвыканкама пры падрыхтоўцы праекта рашэнняў па ўтварэнні Магілёўскай абласной выбарчай камісіі, а таксама пратакол сумеснага пасяджэння па ўтварэнні гэтай камісіі.

Сярод аргументаў, якія прывяла суддзя на карысць прызнання правамоцным рашэння аб фарміраванні складу абласной выбарчай камісіі, было тое, што ў Выбарчым кодэксе няма крытэрыяў адбору, па якіх можна ўключаць альбо не ўключаць грамадзян у склад камісіі і таму гэтая справа цалкам залежыць ад рашэння, прынятага на сумесным пасяджэнні кіраўніцтва Магілёўскага аблвыканкама і Прэзідыума Магілёўскага аблсавета дэпутатаў.

Праваабронца Барыс Бухель адзначае, што на пасяджэнні прысутнічалі таксама прадстаўнікі Магілёўскага аблвыканкама і Прэзідыума аблсавета.

“Падчас спрэчак стала вядома, - гаворыць праваабаронца, - што камісія, якая прымала рашэнне ўключаць ці не ўключаць тую ці іншую кандыдатуры, складалася з 3-4 чалавек – пароўну ад Прэзідыума аблсавета і кіраўніцтва аблвыканкама, і была нефармальнай. Член Прэзідыума аблсавета, які быў у суддзе, адзначыў, што яму спатрэбілася пяць хвілін, каб азнаёміцца са спісам прапанаваных кандыдатаў на уключэнне ў склад камісіі”.

Нагадаем, што 7 кастрычніка адбудзецца, яшчэ адзін суд. Гэтым разам рашэнне, якое было прынята на сумесным пасяджэнні кіраўніцтва Магілёўскага аблвыканкама і Прэзідыума Магілёўскага аблсавета дэпутатаў аб неўключэнні ў склад абласной выбарчай камісіі актывіста Анатоля Заўялава будзе абскарджваць Беларуская партыя левых “Справядлівы свет”. Праваабаронцы прадказваюць аналагічны сцэнар.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства