Салігорскі выканкам здымае забарону на месцы па збору подпісаў
Пасля рэзкай крытыкі з боку мясцовых праваабаронцаў Салігорскі раённы выканаўчы камітэт унёс змены ў сваё папярэдняе рашэнне аб вызначэнні месцаў, забароненых для правядзення пікетаў з мэтай збору подпісаў. Адпаведны дакумент з'явіўся на афіцыйным сайце выканкаму ўвечары 5-га кастрычніка.
Нагадаем, што 23 верасня Салігорскім райвыканкамам пікеты па збору подпісаў былі забаронены на адлегласці 50 метраў ад будынкаў мясцовых выканаўчых, прадстаўнічых і распарадчых органаў, суда, пракуратуры, тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць абароназдольнасць, бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва, сярод якіх прадпрыемствы грамадскага транспарту, вода-, цепла- і энэргазабеспячэння, бальніцы, паліклінікі, дзіцячыя дашкольныя ўстановы, установы адукацыі, фізічнай культуры і спорту. Таксама ў спіс забароненых месцаў патрапілі цэнтральныя плошчы Салігорска, гарадскіх пасёлкаў Старобін і Чырвоная Слабада. Салігорскі праваабаронца Леанід Мархотка жорстка раскрытыкаваў дадзенае рашэнне, якое закранала практычна палову гарадской тэрыторыі. Адпаведная інфармацыя з'явілася на сайтах праваабарончага цэнта "Вясна", РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" і рэгіянальным партале "САЛІГОРСК.org". Рэакцыя ўладаў не прымусіла сябе доўга чакаць. Ужо 1-га кастрычніка Салігорскі выканкам адкарэктаваў сваё папярэдняе рашэнне. У прыватнасці, з яго знікла забарона на правядзенне пікетаў на адлегласці 50 метраў ад тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць жыццядзейнасць насельніцтва, сярод якіх прадпрыемствы грамадскага транспарту, вода-, цепла- і энэргазабеспячэння, бальніцы, паліклінікі, дзіцячыя дашкольныя ўстановы, установы адукацыі, фізічнай культуры і спорту. Цэнтральныя плошчы Салігорска, гарадскіх пасёлкаў Старобін і Чырвоная Слабада таксама былі выключаны з чорнага спісу.
- Безумоўна гэта крок у правільным кірунку. Дадзенае рашэнне ў значнай ступені аднаўляе ў правах і выбаршчыкаў і патэнцыйных кандыдатаў. Спадзяюся толькі, што ў будучыні дыялог паміж мясцовымі ўладамі і праваабаронцамі будзе адбывацца так бы мовіць "у рэале", а не праз з'яўленне крытычнай інфармацыі ў Інтэрнэце. У любым выпадку магу запэўніць, што мы будзем вельмі пільна адсочваць усе дзеянні як уладаў, так і каманд кандыдатаў пад час гэтага выбарчага працэсу, - так пракаментаваў скасаванне Салігорскім выканкамам шэрагу забаронаў на збор подпісаў прадстаўнік Беларускага Хельсінскага Камітэту ў Салігорску Леанід Мархотка.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”