viasna on patreon

Леанід Гаравы звярнуўся ў пракуратуру наконт парушэння сваіх выбарчых правоў

2010 2010-10-06T12:56:06+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/haravy_leanid.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Леанід Гаравы

Леанід Гаравы

Актывіста з райцэнтра Гарадок Віцебскай вобласці не ўключылі ў раённую выбарчую камісію – як ён лічыць, з-за негатыўнай характарыстыкі, якую дала яму намесніца старшыні райвыканкаму. Зварот у пракуратуру Леанід Гаравы напісаў пасля таго, як мясцовыя ўлады праігнаравалі яго скаргу.

Гарадоцкі сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і сябра Рады праваабаронча-асветніцкай грамадскай арганізацыі "Рух" За свабоду” патрабуе пакараць старшыню райвыканкаму В.Муранкова, які цягам трох дзён, як тое прадугледжвае выбарчае заканадаўства, не даў адказу на скаргу.

Таксама Л.Гаравы патрабуе прыцягнуць да адказнасці намесніцу старшыні гарвыканкаму Надзею Бурунову за тое, што публічна дала яму зневажальную характарыстыку. Актывіст згадвае, што  на супольным паседжанні Гарадоцкага райвыканкама і прэзідыума Гарадоцкага Савета дэпутатаў чыноўніца заявіла, што ён раней “скандаліў у выбарчых камісіях”,  калі быў назіральнікам, і таму не варты таго, каб быць уключаным у склад раённай выбарчай камісіі, куды  збіраўся трапіць шляхам збору подпісаў землякоў.

У лісце да раённага пракурора Леанід Гаравы піша, што Н.Бурунова такім чынам аказвала ціск на тых, хто фармаваў камісію. Таму дэмакратычны актывіст лічыць, што яна парушыла ягоныя канстытуцыйныя выбарчыя правы.

Л.Гаравы згадвае таксама, што рэпутацыю скандаліста ў чыноўнікаў ён зарабіў, патрабуючы выканання нормаў выбарчага заканадаўства. І на мінулых выбарах у мясцовыя саветы Цэнтарвыбаркам мусіў тройчы пагадзіцца з яго аргументамі і прызнаць памылковымі рашэнні  як раённых камісій Віцебшчыны, так і Віцебскай абласной камісіі.

Чарговым парушэннем выбарчага заканадаўства гарадоцкі актывіст лічыць і тое, што ў раённую выбарчую камісію ізноў часткова увайшлі тыя ж самыя людзі, якія працавалі ў ёй на мінулых выбарах. Бо тады Цэнтарвыбаркам прызнаў памылкі ў працы камісіі,  і гэта, на думку Л.Гаравога, супярэчыць нормам закону пра ўключэнне ў камісіі кампетэнтных і дасведчаных у выбарчым заканадаўстве грамадзян.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства