За Аляксандра Лукашэнку подпісы збіраюць у будынках гомельскіх ВНУ
У Гомелі пікеты па зборы подпісаў за Аляксандра Лукашэнку валанцёры яго ініцыятыўнай групы праводзяць у будынках універсітэтаў.
Напрыклад, некалькі дзён на першым паверсе галоўнага корпуса Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім.Ф.Скарыны ладзіўся пікет па зборы подпісаў за дзеючага кіраўніка дзяржавы. Подпісы збірала супрацоўніца выхаваўчага аддзела ўніверсітэта.
Пікет па зборы подпісаў за А.Лукашэнку праходзіць 5 кастрычніка на другім паверсе галоўнага корпуса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту (БелДУТ). Подпісы збірае прарэктар па выхаваўчай працы, кавалер ордэна Францыска Скарыны (2003 г.) Галіна Чаянкова, яна ж – старшыня Чыгуначнай раённай арганізацыі грамадскага аб'яднання «Белая Русь», яна ж – кіраўнік ініцыятыўнай групы па Чыгуначным раёне Гомеля.
Зразумела, што наўрад ці асмеляцца студэнты адмовіцца падпісацца за кіраўніка дзяржавы, калі подпісы збірае прарэктар па выхаваўчай працы і па месцы вучобы.
У рашэнні гарвыканкама не прапісана, што нельга збіраць подпісы на тэрыторыях ВНУ, як забароненыя месцы там пазначаныя толькі школы і дзіцячыя сады.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”