Сакратар Цэнтрвыбаркама разлічвае на «спакойныя» выбары
4 кастрычніка ў Брэсце прайшоў семінар-нарада па пытанні арганізацыі і правядзення выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у ходзе якога сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік сустрэўся з прадстаўнікамі выканаўчай улады і старшынямі і сакратарамі тэрытарыяльных камісій вобласці. На яго думку, «галоўнай асаблівасцю цяперашняй выбарчай кампаніі з'яўляецца тое, што яна праходзіць у вельмі спакойнай грамадска-палітычнай абстаноўцы».
- Эканоміка працуе стабільна, а значыць і выбары пройдуць паспяхова. Многае з дасягнутага ўжо дэманстравалася на рэспубліканскіх «Дажынках», з нядрэннымі вынікамі ідуць да заканчэння года прадпрыемствы, і якіх-небудзь сацыяльных узрушэнняў у беларускім грамадстве, якія абцяжарваюць правядзенне выбараў, такім чынам, не прадбачыцца, - адзначыў Мікалай Лазавік.
А вось грамадзянам, якія прэтэндуюць на прэзыдэнцтва, наадварот, прыйдзецца дзейнічаць у напружанай абстаноўцы жорсткай канкурэнцыі, бо, на думку сакратара ЦВК, «многія з заяўленых у спісе прозвішчаў малавядомыя айчыннаму выбаршчыку».
Для таго каб забяспечыць збор ў сто тысяч подпісаў, неабходна ініцыятыўная група колькасцю парадку 1,5 - 2 тысячы чалавек, лічыць Мікалай Лазавік. У зацвярджэнне сказанага ён прывёў статыстыку па папярэднім прэзідэнцкім выбарам у Беларусі: у 2001 годзе на старце выбарчай кампаніі дзейнічала 26 ініцыятыўных груп (у тым ліку чатыры незарэгістраваных), пасля рэгістрацыі толькі чатыром з іх удалося ўзяць згаданую 100-тысячную планку. У 2006-м годзе назіралася падобная сітуацыя: 16 ініцыятыўных груп на старце, 8 зарэгістравана, патрэбная колькасць подпісаў была сабрана толькі чатырма.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"