Віцебск: Праваабаронца Левінаў не трапіў у выбаркамы нават пасля двух судоў
Ні абласны суд, ні Кастрычніцкі раённы суд Віцебска не задаволілі скаргі грамадзянаў, якія вылучалі Паўла Левінава ў склад абласной выбарчай камісіі і ў склад выбарчай камісіі Першамайскага раёну.
На абодвух судах П.Левінаў прысутнічаў асабіста. Ён распавёў, што паседжанне абласнога суду, якое адбылося 1 кастрычніка, доўжылася амаль 8 гадзін. Спрэчкі вяліся адносна парушэнняў падчас фармавання абласной выбарчай камісіі, аднак суддзя А.Машарскі так і не прызнаў, што такія парушэнні мелі месца. Аргументы аўтараў скаргі ён назваў “непацверджанымі і галаслоўнымі”, а працэс фармавання абласной камісіі прызнаў бездакорным.
Паводле Паўла Левінава, фармаванне абласной выбарчай камісіі прайшло за 15 хвілін, і ў яе склад не трапілі ні ён, ні прадстаўнікі партыі БНФ і БСДП (Грамада).
5 кастрычніка ў Кастрычніцкім райсудзе Віцебска разглядалася скарга групы грамадзянаў, якія вылучалі Паўла Левінава ў склад выбарчай камісіі Першамайскага раёну.
Прысутны на судзе начальнік аддзела арганізацыйнай і кадравай работы гарвыканкаму В.Пецюль заявіў, што кандыдатура праваабаронцы не была падтрыманая таму, што ён “часта звяртаецца ў суды з заявамі на парушэнні заканадаўства чыноўнікамі гарвыканкаму”.
Суддзя Алена Папова вырашыла, што фармаванне раённай камісіі прайшло бездакорна, і таксама адхіліла скаргу выбаршчыкаў.
Абедзьве групы грамадзянаў, не знайшоўшы падтрымкі ў судах, збіраюцца падаваць заявы ў пракуратуру.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”