У рэгіёнах розная актыўнасць ініцыятыўных груп па зборы подпісаў за розных прэтэндэнтаў (дадаліся фотаздымкі)
Гомель: Праводзяцца пікеты пакуль толькі за Лукашэнку і Міхалевіча
Ад пачатку збору подпісаў прайшло некалькі дзён, а ў Гомелі — абласным цэнтры з насельніцтвам амаль у 500 тыс., на вуліцах можна сустрэць толькі адзінкавыя пікеты па збору подпісаў.
Па стану на 4 кастрычніка ў горадзе прайшлі пікеты толькі ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі і Алеся Міхалевіча. За дзеючага кіраўніка дзяржавы подпісы збіралі ў цэнтры горада: каля ўнівермагу «Гомель», на прыпынку грамадскага транспарту “Камінтэрн” і ў галоўным корпусе Дзяржаўнага універсітэта ім.Ф.Скарыны. За Алеся Міхалевіча збор подпісаў у форме пікета ажыццяўляўся ў спальным 19-м мікрараёне, каля супермаркета «АЛМІ».
Цікава, што да гэтага часу цэнтр Гомеля застаецца «зонай, вольнай ад пікетаў па збору подпісаў».
Прыхільнікі астатніх апазіцыйных кандыдатаў абяцаюць, што днямі і яны пачнуць праводзіць пікеты на вуліцах Гомеля. Пакуль жа сябры ініцыятыўных груп збіраюць подпісы па кватэрах.
Брэст: На пікетах подпісы збіраюць за Някляева, Саннікава і Рымашэўскага
У першыя дні збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь найбольшую актыўнасць праяўляюць сябры ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за вылучэнне Ўладзіміра Някляева. Скарыстаўшыся тым, што гарадскія ўлады ўанеслі змены ва ўласнае рашэнне, датычнае тэрыторый, дзе арганізацыя пікетаў з мэтай збору подпісаў забароненая, актывісты гэтай ініцыятыўнай групы прыступілі да працы ў ажыўленых месцах у цэнтры Брэста (каял кінатэатра "Беларусь", побач з ЦУМам).
Самай жа актыўнай кропкай для збору подпісаў стаў "пятачок" каля ўваходу на Цэнтральны рынак на вуліцы Пушкінскай: тут збіраюць подпісы прадстаўнікі ініцыятыўных груп Уладзіміра Някляева, Андрэя Саннікава і Віталя Рымашэўвскага.
Мазыр: Пікет за Саннікава прайшоў без эксцэсаў
Першы дзень працы пікета па збору подпісаў за Андрэя Саннікава ў Мазыры прайшоў цывілізавана. 4 кастрычніка у Мазыры ў выглядзе пікета збіралі подпісы толькі за Андрэя Саннікава. Ініцыятары мерапрыемства, на рахунку якіх шмат выбарчых кампаній, зазначаюць станоўчыя змены ў настроі жыхароў Беларусі.
- Людзі ахвотна падыходзілі, ставілі свае подпісы, спрачаліся, выказвалі думкі, пыталіся, калі ў наступны раз будзе працаваць пікет, - паведаміў праваабаронца Уладзімір Целяпун, які стаў сведкай падзеі. – Абяцалі, што паведамяць сваім сваякам, суседзям. Большасць станоўча ацанілі наяўнасць альтэрнатывы.
Па яго словах, збор подпісаў, які праходзіў у мікрараёне “Маладзёжны” каля крамы “Родная старонка”, прайшоў без эксцэсаў. Пікет працаваў две гадзіны і сабраў некалькі дзясяткаў подпісаў.
Усё прайшло спакойна, нармалёва і цывілізавана, нават каля падпісных лістоў утварылася чарга, - падкрэсліў праваабаронца.
У Наваполацку ў пікеце ўдзельнічаў сам прэтэндэнт у кандыдаты
У суботу ў Наваполацку прайшоў пікет па зборы подпісаў за прэтэндэнта ў кандыдата ад Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, які працягваўся прыкладна дзве гадзіны і быў выстаўлены непадалеку ад гандлёвага цэнтра “Дыёніс”, дзе заўсёды бывае шмат людзей. За гэты час было сабрана каля 30 подпісаў. На пікет прыехаў сам спадар Кастусёў.
“Жадаючых падпісацца было значна болей, але людзі звычайна не носяць з сабой пашпарты, -- расказвае сябра ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў Уладзімір Кунцэвіч. – Але знайшлося некалькі чалавек, якія не паленаваліся схадзіць дадому, узяць пашпарт і паставіць подпіс за нашага прэтэндэнта”. Міліцыя пільнай увагі да пікетоўцаў на гэты раз не праяўляла.
На фота: 1-5 - пікеты па зборы подпісаў у Брэсце
6 - пікет у падтрымку А.Саннікава ў Мазыры
7-8 - Рыгор Кастусёў з пікетам у Наваполацку
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”