Магілёў: Дзяржаўныя СМІ – ні слова аб апанентах дзеючага прэзідэнта
Магілёўскія газеты “Веснік Магілёва”, “Магілёўская праўда”, “Днепровская неделя” і “Магілёўскія ведамасці” дагэтуль ні разу ў сваіх публікацыях не ўзгадалі пра апанентаў дзеючага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.
Маўчанне не толькі на паперы, але і ў віртуальнай прасторы. Аглядаючы кантэнт гэтых сайтаў можна заўважыць, што толькі на адным з іх (“Магілёўскія ведамасці”) створана адпаведаная рубрыка “Выбары”, але і яна змяшчае выключна тэхнічную інфармацыю. Пра апазіцыйных прэтэндэнтаў у кандыдаты ў прэзідэнты няма ні слова.
Да гэтага маўчання далучаюцца афіцыйныя сайты Магілёўскага аблвыканкаму і гарвыканкаму. На першым з іх толькі пару дзён як з’явілася рубрыка, прысвечаная выбарам прэзідэнта. У гэтай рубрыцы ёсць інфармацыя пра 17 зарэгістраваных прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта з іх прозвішчамі і родам заняткаў. Але асобна красуецца інфармацыя аб тым, што Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў ініцыятыўныю групу па вылучэнні Лукашэнкі ў прэзідэнты.
Кіраўнік выбарчага штабу Алеся Міхалевіча па Магілёўскай вобласці Алесь Сілкоў лічыць, што інфармацыю не размяшчаюць у мясцовай прэсе з-за таго, што няма загаду з цэнтру.
“Усе газеты бюджэтныя і залежаць ад дзяржаўных датацый! А Дзяржаваў у нас – гэта Прэзідэнт! Калі будзе устаноўка пісаць, то яны і пачнуць пісаць! А пакуль- толькі цішыня”, - гаворыць Алесь Сілкоў.
“А навошта апазіцыянерам рабіць рэкламу, уздымаць іх прэстыж і значнасць? – задае рытарычнае пытанне праваабаронца Барыс Бухель. - Калі пачынаеш паўтараць імёны апазіцыйных палітыкаў, то недзе з пятага разу, пачуўшы іх прозвішчы, людзі пачынаюць іх запамінаць і цікавіцца імі. Улада з пункту погляду псіхалогіі рэжыму правільна робіць – не стварае альтэрнатыву. У нас не так шмат людзей чытае незалежную прэсу і праглядае інтэрнэт. Таму вельмі часта з кандыдатамі ў прэзідэнты, асабліва ў сельскай мясцовасці, людзі знаёмяцца, прыйшоўшы толькі на выбары. Людская псіхалогія такая – баяцца незнаёмцаў і невядомага, таму ў такіх умовах электарат выбірае таго, каго ведае”.
“Праваабронцы за свабодныя выбары”