viasna on patreon

Менш брутальна, але па-ранейшаму рэпрэсіўна

2010 2010-10-05T10:28:36+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/abse.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У АБСЭ абмеркавалі сытуацыю са станам беларускай грамадзянскай супольнасьці напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

Адмысловае мерапрыемства з удзелам прадстаўнікоў Асамблеі НДА адбылося ў Варшаве ў межах Агляднай канфэрэнцыі АБСЭ. Выступоўцы ад Асамблеі НДА і Цэнтру прававых трансфармацыяў адзначылі асноўныя рысы, якія характэрызуюць становішча грамадзянскай супольнасьці наконадні выбараў:

-- Артыкул 193.1 не скасаваны;

-- Дэкрэт № 60 стварае ўмовы для абмежаваньня камунікацыяў у Інтэрнэце;

-- Працягвае ўжывацца сьмяротнае пакараньне;

-- Працэсы "Ўсходняга партнэрства" запаволіліся;

-- Папраўкі ў Выбарчы Кодэкс маюць дэкарацыйны характар.

Удзельнікі сустрэчы прааналізавалі рэальную сытуацыю са свабодай асацыяцыяў і стан НДА Беларусі ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў. Была канстатаваная наяўнасьць тактычных зьменаў з боку ўладаў Беларусі ў дачыненьні да грамадзкага сэктару, якія, аднак, толькі імітуюць пазытыўныя зьмяненьні.

“Непадобна, каб беларускія ўлады сталі больш паважаць правы чалавека, у прыватнасьці права на асацыяцыю, але яны пачалі дзейнічаць менш брутальна" -- адзначыў юрыст Асамблеі Юры Чавусаў. Паводле выступоўцы, зьмена тактыкі ўладаў у дачыненьні да трэцяга сэктару магчыма зьвязаная з тым, што, па-першае, самі НДА дыстанцуюцца ад непасрэднага ўдзелу ў выбарах, а, па-другое, улады ўнікаюць шумных акцыяў.

Паводле юрыста ЦПТ Вольгі Смалянкі, найбольш вострай праблемай беларускага трэцяга сэктару па-ранейшаму застаецца наяўнасьць артыкула 193.1 Крымінальнага кодэксу РБ (дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі). “Неспрыяльныя умовы дзейнасьці грамадзкіх аб’яднаньняў у Беларусі выяўляюцца таксама ў распаўсюджаных практыках адмоваў у рэгістрацыі, цяжкасьцях з атрыманьнем юрыдычных адрасоў ды ігнараваньні грамадзкасьці пры распрацоўцы законаў, якія рэгулююць дзейнасьць НДА”, -- зазначыла Вольга Смалянка.

Таму нядзіўна, што падчас мерапрыемства была прадстаўленая грамадзянская кампанія “СТОП 193.1!” Асамблеі НДА, якая мае на мэце скасаваньне адыёзнага артыкулу. Удзельнікаў заклікалі далучацца да высілкаў грамадзянскай супольнасьці Беларусі ў гэтай справе.

Трэба адзначыць, што мерапрыемства па тэматыцы “Грамадзянская супольнасьць Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў” выклікала дастаткова вялікую зацікаўленасьць з боку замежных партнэрскіх арганізацыяў і міждзяржаўных структураў. Не абмінулі сваёй увагай падзею і прадстаўнікі афіцыйнага боку. Так, сярод прысутных на мерапрыемстве быў заўважаны супрацоўнік беларускай амбасады ў Польшчы Аляксей Зелянко.

Прэсавая служба Асамблеі няўрадавых дэмакратычных аб’яднаньняў

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства