Віцебскі гарвыканкам прапануе кіраўніцтву прадпрыемстваў замаўляць плакаты аб выбарах
Супрацоўнік рэкламна-выдавецкай фірмы “Практыкус” растлумачыў па тэлефоне, што менавіта іх супрацоўнікі распрацавалі эскізы плакатаў. Гарвыканкам іх зацвердзіў і цяпер рэкамендуе кіраўнікам арганізацый звяртацца да стваральнікаў з замовамі на друкаванне, каб далей размяшчаць у месцах масавага знаходжання выбаршчыкаў.
З узорамі плакатаў можна пазнаёміцца на афіцыйным сайце http://www.vitebsk.gov.by/ru/vibory_president/news_izb?id=4312 гарвыканкаму. Аб’явы пра дзень выбараў прапануюцца на рускай і беларускай мовах у некалькіх варыянтах, збольшага тыповых: плакат мае выгляд каляндарнай старонкі, дзе ўказана дата выбараў, са сьцягам і гербам Беларусі ўверсе.
Віцебскі гарвыканкам упершыню рэкамендуе выкарыстоўваць выбарчыя наглядныя матэрыялы зацверджанага ўзору, прычым скіроўвае ахвотных у дзве фірмы --“Практыкус” і “Віцебскрэклама”. Аб’ява фармату А3 у “Практыкусе” каштуе 6 500 тысяч рублёў на паперы і 40 000 на пластыку. “Віцебскрэклама” гатова вырабіць плакаты памерам 60 на 80 см за 20 000 рублёў. У абедзьвюх фірмах кажуць, што кліентаў відавочна пабольшала, бо кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый з замовамі на плакаты да іх накіроўваюць улады.
У фірме “Віцебскрэклама” распавялі, што напярэдадні мінулых, мясцовых выбараў, да іх таксама звярталіся, каб замовіць падобныя плакаты. Але гэта былі прыватныя ініцыятывы асобных устаноў. Але найчасцей аб’явы пра выбары на прадпрыемствах і арганізацыях выраблялі ўласнымі сіламі, аддаючы адпаведныя загады мастакам-афарміцелям або школьным настаўнікам малявання. Ніякіх зацверджаных узораў не было, і самаробныя плакаты былі разнастайнымі. Невядома, ці захаваецца гэтая практыка надалей, калі рэкламна-выдавецкія фірмы прымаюць замовы паводле рэкамендацый гарвыканкаму.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"