Адзіны прадстаўнік дэмсілаў у Віцебскай абласной камісіі на першае пасяджэнне не трапіў
Паводле Мікалая Селівашкі, які з’яўляецца старшынём абласной арганізацыі партыі “Справядлівы свет”, пра першае пасяджэнне камісіі ён даведаўся за дзьве з паловай гадзіны да пачатку.
Адзіны прадстаўнік дэмакратычных сілаў падкрэслівае, што пра дату і тэрмін першага пасяджэння ён знарок запытаўся адразу пасля ўключэння ў камісію – яшчэ 29 верасня. Прычым пытанне фармуляваў канкрэтна: ці не адбудзецца першае пасяджэнне на заўтра, бо меў патрэбу з’ехаць з гораду і загадзя меркаваў спланаваць паездку. Пэўнага адказу яму не далі. Аднак менавіта на наступны дзень, 30-га верасня, патэлефанавалі з запрашэннем. За некалькі гадзінаў да пачатку Мікалай Селівашка ўжо не меў магчымасці вярнуцца ў Віцебск, бо на той час ужо з’ехаў.
Сітуацыю з запрашэннем на пасяджэнне аблвыбаркаму М. Селівашка лічыць паказальнай. Ён папярэдзіў, што мае некалькі прапановаў па ўдасканаленні працы камісіі, якія меркаваў выкласці ўсім прысутным. Таму не выключае, што прысутнасць адзінага прадстаўніка апазіцыі была проста непажаданай.
Мікалай Селівашка працаваў у складзе абласной выбарчай камісіі і на мінулых мясцовых выбарах, і ён згадвае, што большасць яго тагачасных прапаноў проста ігнаравалася.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"