Бараньскія чыноўнікі даюць задні ход
Як ужо паведамлялі "Праваабаронцы за свабодныя выбары», рашэннем Бараньскага гарвыканкаму № 166 «Аб вызначэнні месцаў, забароненых для правядзення пікетавання з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнню кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь», збор подпісаў у горадзе Барань, які адміністрацыйна адносіцца да Аршанскага гарсавету , быў забаронены на прыпынках грамадскага транспарту.
Дадзенае рашэнне было раскрытыкавана актывістамі ініцыятыўных груп, паколькі ў горадзе Орша на прыпынках збіраць подпісы было можна, а ў Барані - нельга.
І вось зараз Бараньскія чыноўнікі вырашылі даць задні ход. У мясцовай газеце апублікавана рашэнне Бараньскага гарвыканкаму № 168 "Аб унясенні змяненняў у рашэнне № 166 ад 21.09.2010». Сэнс гэтага рашэння - у сувязі з тлумачэннямі Цэнтрвыбаркаму ў папярэдні варыянт дакумента ўносяцца змены. Зараз на прыпынках грамадскага аўтатранспарту збор подпісаў дазваляецца.
Для назіральнікаў відавочна, што такое кіданне выканаўчай улады з боку ў бок сведчыць аб непрафесіяналізме і несамастойнасці мясцовых чыноўнікаў.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"