viasna on patreon

Аналіз складу ТВК пацвярджае: паўсюль “правераныя” на папярэдніх выбарах кадры

2010 2010-10-03T20:07:07+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pavelichalka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Барысаў. Выбаркамаўскае кіраўніцтва: правераныя ахоўнік і два бібліятэкары

Сябры Барысаўскай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі на сваім першым паседжанні, якое, як аказалася, прайшло ў дзень яе фармавання, абралі старшыню, намесніка старшыні і сакратара. Імі сталі начальнік бюро аховы і два бібліятэкары.

Старшынёй Барысаўскай ТВК абраны Васіль Бараннік, начальнік бюро аховы ААТ "Папяровая фабрыка "Дзяржзнак", які вылучаўся ў камісію ад Беларускага саюзу ветэранаў вайны ў Аўганістане. Трэба адзначыць, што Бараннік каля дзесяці апошніх гадоў быў вядомы ў горадзе як старшыня Савета дэпутатаў і прыхільнік праўладнай ідэалогіі.

Намеснікам старшыні ТВК стала Галіна Слесарэнка, дырэктар ГУ культуры "Барысаўская цэнтральная райбібліятэка", якая вылучалася ад Беларускага рэспубліканскага саюзу жанчын. Галіна Міхайлаўна для ўладаў таксама чалавек правераны - была дэпутатам Мінскага абласнога Савета дэпутатаў мінулага склікання.

Сакратаром камісіі абраная Таццяна Стасава, загадчыца бібліятэкай СШ № 11, якая трапіла ў камісію ад Беларускага таварыства "Чырвонага Крыжа". Спадарыні Стасавай якраз прымаць віншаванні са своеасаблівым юбілеем - сёлета спаўняецца дзесяць гадоў, як яна з'яўляецца нязменным сакратаром спачатку Барысаўскай гарадской, а зараз і аб'яднанай (пасля аб'яднання ў 2008 годзе горада і раёна ў адну адміністрацыйную адзінку) тэрытарыяльных выбарчых камісій. Такім чынам, на яе "рахунку" цяперашняя прэзідэнцкая кампанія - ужо трэцяя.

Круглае: Райвыканкамаўскія чыноўнікі ўзначальваюць камісію па выбарах

Рашэннем прэзідыўма Круглянскага раённага Савета дэпутатаў і Круглянскага райвыканкама 27 верасня была ўтворана Круглянская раённая камісія па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у колькасці 13 чалавек. У той жа дзень адбылося і першае пасяджэнне камісіі, на якім былі абраны яе кіруючыя органы.

Сваім старшынёй сябры Круглянскай выбарчай камісіі абралі Івана Саплюкова, які вылучаўся ў склад камісіі ад працоўнага калектыва Круглянскага райвыканкама і ўзначальвае ў гэтым райвыканкаме аддзел арганізацыйна-кадравай работы. Іван Пятровіч ужо шмат гадоў удзельнічае ў разнастайных выбарах у Круглянскім раёне ў якасці старшыні камісіі.

Намеснікам старшыні камісіі стала Ганна Макарэвіч, якая прадстаўляе ў камісіі Круглянскую раённую арганізацыю грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. Ганна Міхайлаўна ўзначальвае аддзел па справах моладзі Круглянскага райвыканкама.

Сакратаром камісіі абраная Алена Феакцістава, вылучаная ў склад камісіі ад Круглянскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў. Алена Мікалаеўна па асноўным месцы працы працуе галоўным спецыялістам Круглянскага раённага Савета народных дэпутатаў.

Выбарчы працэс у Круглянскім раёне знаходзіцца ў надзейных руках дзяржаўных службоўцаў.

Слонім-Зэльва: Спіс сябраў раённых выбарчых камісій нічым не здзівіў

 

У суботу, 2 кастрычніка, Слонімская і Зэльвенская “раёнкі” апублікавалі спісы сябраў сваіх раённых камісій па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Жыхары Слонімскага і Зэльвенскага раёнаў азнаёміліся з гэтым спісам, які ў параўнанні з мінулымі выбарамі, асабліва нічым сенсацыйным не здзівіў. У склад гэтых камісій увайшлі па 13 чалавек. Дарэчы, у склад Слонімскай раённай выбарчай камісіі трапілі 10 жанчын і толькі 3 мужчын. Ад дэмакратычных прадстаўнікоў нікога ў раённыя выбарчыя камісіі гэтых населеных пунктаў не залічылі. Праўда, у Зэльвенскую раённую камісію трапіў адзін партыец — Віктар Васіліцкі, які прадстаўляе Зэльвенскую раённую партыйную арганізацыю Камуністычнай партыі Беларусі.

За тое, як быццам дамовіліся, у склад вышэй названых камісій, трапілі прадстаўнікі грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, БРСМ, грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”, члены Беларускага прафесіянальнага саюза, мясцовыя вертыкальшчыкі. Ды і кіруюць Слонімскай і Зэльвенскай раённымі камісіямі па выбарах упраўляючыя справамі мясцовых райвыканкамаў Алена Мачаліна і Сяргей Горны. Апошні з’яўляецца актывістам Зэльвенскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь”. Савет гэтага аб’яднання і вылучыў яго ў раённую камісію.      

 Магілёў: У камісіях “правераныя і надзейныя”  

10 з 13 членаў Ленінскай раённай выбарчай камісіі г.Магілёва ўдзельнічалі ў працы выбарчых камісій падчас выбараў у Палату Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь у 2008 годдзе.

У Кастрычніцкай раённай выбарчай камісіі г.Магілёва 4 з 13 членаў прымалі ўдзел у працы камісій, як падчас выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў, так і падчас мінулых парламенцкіх выбараў.

 “Тое, што ў камісіі асобы, якія раней былі ў складзе камісій розных узроўняў сведчыць пра тое, што гэтыя людзі ўжо правераныя кадры, якія выканаюць любы загад. Тое, што камісіі складаюцца з асоб, якія знаходзяцца на дзяржаўнай службе кажа пра тое, што ўлада цалкам кантралюе камісіі. Усе гэтым незадаволены – і апазіцыя, і грамадскасць, і міжнарадная супольнасць, але нічога зрабіць з гэтым не могуць”, - адзначае праваабаронца Барыс Бухель.

Разам з тым, на Магілёўшчыне 22 прадстаўнікі дэмакратычных партый і арганізацый вылучаліся ў склад выбарчых камісій. З іх тры чалавекі ў склад абласной выбарчай камісіі, 19 – у раённыя. У склад абласной выбарчай камісіі прайшоў толькі адзін чалавек, у склад раённых выбарчых камісій не патрапіў ніхто. Такія звесткі дае старшыня каардынацыйнай Рады Магілёўскай абласной кааліцыі дэмакратычных сілаў Юры Новікаў.

“Прайшоў у абласную выбарчую камісію толькі прадстаўнік ад АГП Уладзімір Парфёнаў, - гаворыць Юры Новікаў, - усіх астатніх забракавалі. Двое кандыдатаў у склад абласной выбарчай камісіі Сяргей Фамін і Анатоль Заўялаў, вылучаныя ад БНФ “Адраджэння” і Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”, ужо падалі свае заявы ў абласны суд, з нагоды не ўключэння іх у склад абласной камісіі. Усе астатнія не ўключаныя актывісты з разнастайных рэгіёнаў Магілёўшчыныў апратэстоўваць рашэнні неўключэння іх у склад раённых выбарчых камісій не будуць, за выключэннем г.Крычава. Там актывісты рыхтуюць адпаведныя скаргі”.

Полацк: Знаёмыя твары…

У складзе Полацкай гарадской тэрытарыяльнай камісій з выбараў у выбары прысутнічаюць адны і тыя ж правераныя кадры.

7 з 13-ці  сяброў камісіі былі у складзе Полайкай гарадской тэрытарыяльнай камісіі на мінулых мясцовых выбарах 2010 года,  6 – у складзе  адпаведнай камісіі па выбарах у Палату прадстаўнікоў у 2008 годзе.

Пры тым, што ў склад камісіі уваходзяць фактычна работнікі выканкамі, кіраўнікі і намеснікі кіраўнікоў розных прадпрыемстваў і ўстаноў горада, вылучаныя яны рознымі шляхамі, відаць, каб стварыць лепшае ўражанне на міжнародных назіральнікаў. Шляхам падачы заяваў ад грамадзян вылучана 5 чалавек, 2 – працоўнымі калектывамі, яшчэ 5 – ад прадзяржаўных “грамадскіх” аб’яднанняў, такіх, як “Беларускі саюз жанчын”, БРСМ, “Беларускі Саюз афіцэраў”, “Белая Русь”. Прысутнічае ў складзе камісіі і адзін партыец – прадстаўнік Камуністычнай партыі Беларусі.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства