viasna on patreon

"Праваабаронцы за свабодныя выбары": У фармаванні ТВК станоўчых зменаў не адбылося

2010 2010-10-01T17:20:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pravaabaroncy_za_svabodnyja_vybary.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Прэс-канферэнцыя кампаніі “Правабаронцы за свабодныя выбары” па выніках першага этапа выбарчай кампаніі адбылася 1 кастрычніка ў Менску. Назіральнікі параўналі сітуацыю з выбарамі кіраўніка дзяржавы з той, што мела месца на папярэдніх выбарах. Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч і кіраўнік юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінкскага камітэту Гары Паганяйла адзначылі  некаторы прагрэс у плане дэмакратычнасці выбарчага працэсу, але ў цэлым – звыклую карціну парушэнняў з боку ўлады.

“Большасць з 80 доўгатэрміновых назіральнікаў, якія сачылі па ўсёй краіне за ўтварэннем тэрытарыяльных выбарчых камісій (ТВК), дапускалі на паседжанні выканкамаў, -  паведаміў Валянцін Стэфановіч. - У адрозненне ад папярэдніх выбараў – у прыватнасці, сёлетніх у мясцовыя саветы - часам прадстаўнікі мясцовай улады нават самі тэлефанавалі назіральнікам, якія папярэдне падалі заяўкі ў органы ўлады, і папярэджвалі іх пра час паседжання камісій. Тым не менш, мелі месца і выпадкі, калі правабаронцы праводзілі цэлыя дні ў выканкамах, шуаючы інфармацыю пра час паседжання, і нават свядомага нядопуску назіральнікаў да інфармацыі. Напрыклад, у Бабруйску прадстаўніка БХК Ігара Ходзьку назіраць за фармаваннем выбарчай камісіі не пусцілі”.

Як паведамляюць правабаронцы, працэс фармавання камісій нельга ўпэўнена назваць дэмакратычным. Сведчанне гэтаму – хуткасць, з якой адбываліся паседжанні (ад 4 да 30 хвілін), адсутнасць рэальнага абмеркавання кандыдатур і правядзенне галасавання цэлым спісам, а таксама неўключэнне ў склад ТВК большасці прадстаўнікоў апазіцыі. На ўсю Беларусь ў выбарчыя камісіі патрапілі толькі 14 прадстаўнікоў апазіцыйных партыяў, пры гэтым іх было вылучана 92. 1 986 чалавек – прастаўнікі ўлады альбо грамадскіх арганізацый. Структура прадстаўніцтва гэтых арганізацый у ТВК таксама цікавая. Паводле падлікаў назіральнікаў, 79 працэнтаў зацверджаных выканкамамі сяброў камісій склалі прадстаўнікі чатырох праўладных грамадскіх аб’яднанняў – БРСМ, “Белай Русі”, Беларускага саюзу жанчын і арганізацыі ветэранаў, а таксама аднаго прафсаюзнага ўтварэння - Федэрацыі прафсаюзаў. На іншыя ж зарэгістраваныя ў краіне 2 220 грамадскіх арганізацый і 34 прафсаюза прыпадае толькі 21 працэнт. Працэнт “патрапляемасці” ў тэрытарыяльныя камісіі – дзевяць чалавек з вылучаных дзсяці – ў праўладных структур і адпаведна адзін з сямі – у апазіцыйных. “Такім чынам, усталяваная зменамі ў Выбарчым кодэксе ад 4 студзеня 2010 года норма – не больш за адну траціну прадстаўнікоў улады ў выбарчых камісіях – “сутнасна не паўплывала на склад камісій”, - заключыў В.Стэфановіч.

Па словах Гары Паганяйла, на момант сустрэчы з журналістамі ў суды Беларусі пададзена 24 скаргі на дзяржаўныя органы, якія ўтвараюць камісіі. Такое права дае ўдзельнікам выбарчага працэсу частка 6 артыкулу 34 Выбарчага кодэксу РБ. Найбольш актыўна гэтым правам скарысталіся жыхары сталіцы, а калі зірнуць на прадстаўнічую частку пытання, то часцей падавалі скаргі сябры партыяў “Справядлівы свет”, АГП і БНФ. Але, як падкрэсліў кіраўнік юрдычнай камісіі БХК, суды разглядаюць такія скаргі фармальна, адна з прычын чаго – адсутнасць у заканадаўстве вызначаных крытэрыяў адбору ў камісіі. Больш за тое, “у законе дакладна не прапісаны працэдуры судовых паседжанняў”, як патлумачыў Г.Паганяйла. Акрамя таго, частка скаргаў была пададзена на нядопуск на паседжанні выканкамаў. Паколькі скаргі на органы ўлады звычайна перадаюцца ў больш высокую па ўзроўні інстанцыю, то нейкую колькасць з іх павінен разглядаць Цэнтрвыбаркам. “Нам не прадаставілі інфармацыі, якая колькасць скаргаў паступіла ў Цэнтральную камісію”, -  удакладніў Г.Паганяйла. Ён нагадаў таксама, што адна скарга была пададзена на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы А.Лукашэнкі, які “юрыдычна не мае права балатавацца на наступны тэрмін”. Дарэчы, як адзначана ў выніковым дакуменце правабаронцаў, у цэлым працэс рэгістрацыі ініцыятыўных груп прайшоў дэмакратычна за адзіным выключэннем – асабістай неяўкай у ЦВК дзеючага кіраўніка дзяржавы, чым быў парушаны артыкул 61 Выбарчага кодэкса. Пры гэтым нават кіраўніка яго ініцыятыўнай групы Аляксандра Радзькова, праз якога быццам бы перадаваліся дакументы, назіральнікі ў будынку Цэнтрвыбаркама таксама не заўважылі. Правабаронцы выказаліся за адзінаабразны падыход да ўсіх удзельнікаў выбараў – галоўным павінен быць закон.

Што ж датычыць месцаў збору подпісаў ініцыятыўнымі групамі, то ў розных рэгіёнах Беларусі органы ўлады маюць да іх абмежавання розны падыход. Найбольш ліберальным у гэтым сэнсе быў названы Менск. Аднак у некаторых іншых гарадах улады забаранілі збіраць подпісы амаль паўсюль. Напрыклад, у Гродне гарвыканкам у сваім рашэнні спасылаецца на іншае ўласнае рашэнне – аб месцах правядзення масавых акцый (на практыцы гаворка звычайна ідзе пра акцыі пратэсту, для якіх вылучаюцца самыя нязручныя і бязлюдныя месцы). Але пікет пратэста і пікет па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдата – рэчы розныя, падкрэслілі юрысты. Самым неверагодным інфармаваннем выбаршчыкаў стаўся выпадак у Оршы, дзе сайт мясцовага выканкама апублікаваў адзін варыянт забароненых для збору подпісаў месцаў, а мясцовая дзяржаўная газета – іншы. Дарэчы, як нагадаў Г.Паганяйла, арганізатары збору подпісаў маюць законнае права звяртацца ў выканкамы з просьбамі дазволіць ім рабіць гэта ў зручнейшых, напрыклад, больш  людных месцах.         

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства