У судзе абскарджваецца рашэнне аб стварэнні Бярозаўскай раённай камісіі
Жыхары Бярозы Тамара Шчапёткіна і Сяржук Русецкі падалі скаргі ў суд Бярозаўскага раёна. Яны просяць прызнаць рашэнне прэзідыума Бярозаўскага раённага Савета і Бярозаўскага райвыканкама па стварэнню Бярозаўскай раённай выбарчай камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусі незаконным і ўключыць іх у склад камісіі.
Т. Шчапёткіна і С.Русецкі былі вылучаны ў камісію шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў, якія таксама дэлегавалі іх на адпаведнае паседжанне па фармаванні камісіі. Аднак дату і час правядзення паседжання ім не паведамілі, хаця яны дадаткова прасілі аб гэтым пісьмова, дасылаючы заявы на імя старшыні Бярозаўскага райвыканкама, у прэзідыум Бярозаўскага райсавета. Імі нават быў пакінуты адпаведны запіс у кнізе заўвагаў і прапановаў выканкама. Перад паседжаннем у тэлефонных размовах супрацоўнік аддзелу арганізацыйна-кадравай працы райвыканкаму дату і час паседжання не назваў, а параіў ім звяртацца на сайт райвыканкаму. Такое паведамленне на сайце райвыканкаму з’явілася раніцаю 28.09.2010 каля 8 гадзін 30 хв., г. з. у той час калі паседжанне ўжо пачалося. А пісьмовае паведамленне пра тое, каб глядзелі на сайт райвыканкаму было імі атрымана праз шэсць з паловай гадзін пасля завяршэння паседжання і ўтварэння камісіі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”