Суд па нерэгістрацыі "Берасьцейскай Вясны" прызначаны на 12 кастрычніка
29 верасьня ў судзе Берасьцейскай вобласьці адбыліся папярэднія слуханьні па зыску заснавальнікаў Грамадзкага праваабарончага аб'яднаньня "Берасьцейская Вясна" да галоўнага ўпраўленьня аблвыканкама, якое не зарэгістравала арганізацыю.
Прычынай адмовы паслужылі нібыта несапраўдныя дадзеныя ў дакументах, пададзеных на рэгістрацыю, а менавіта - нумар дому аднаго з заснавальнікаў. Аднак памылілася якраз абласное ўпраўленьне ўнутраных справаў, якое прадставіла памылковыя дадзеныя аб месцы пражываньня аднаго з заснавальнікаў: замест дому № 12 быў указаны № 13. Між тым, у дакументах заснавальнікаў усё было пазначана правільна.
Спробы вырашыць пытаньне наконт рэгістрацыі "палюбоўна", плёну не далі, таму праваабаронцы зьвярнуліся ў суд.
Падчас папярэдніх судовых слуханьняў адзін з заснавальнікаў Уладзімір Малей заявіў, што выказвае недавер не толькі судзьдзям абласнога суду, але ўсім судзьдзям краіны, паколькі ўсе судовыя інстанцыя, уключаючы Вярхоўны суд, якія раней разглядалі зыскі аб'яднаньня (а іх толькі за 2009-2010 гады было каля дзесяці), заўсёды адмаўлялі у іх задавальненьні.
Дата судовага разгляду прызначана на 10 раніцы 12 кастрычніка.