Жыхары Бярозы паскардзіліся ў ЦВК на непразрыстасць фармавання раённай камісіі
Жыхары Бярозы Тамара Шчапёткіна і Сяржук Русецкі, якія не былі запрошаны на паседжанне прэзідыуму Бярозаўскага райвыканкама і Бярозаўскага райсавета па фармаванню раённай выбарчай камісіі, накіравалі скаргу ў ЦВК. У ёй паведамілі, што іх жаданне прысутнічаць на фармаванні выбарчай камісіі, заяўленае пісьмова, было праігнаравана. Справа ў тым, што групы выбаршчыкаў (у іх ліку і самі Т. Шчапёткіна і С. Русецкі) шляхам падачы заяваў вылучылі актывістаў у склад Бярозаўскай раённай выбарчай камісіі, а ў адпаведнасці з арт. 34 Выбарчага кодэкса, “на паседжаннях органаў, якія ствараюць камісіі, маюць права прысутнічаць прадстаўнікі … грамадзянаў, якія вылучылі сваіх прадстаўнікоў у склад камісіі”.
Да скаргі Тамара Шчапёткіна і Сяржук Русецкі прыклалі копіі сваіх заяў на імя старшыні райвыканкама і старшыні райсавета, у якіх прасілі папярэдзіць іх аб паседжанні прэзідыуму. Нагадаем, што паведамленне аб паседжанні да іх прыйшло на шэсць з паловай гадзін пазней самога паседжання.
“Правабаронцы за свабодныя выбары”