Ініцыятыўная група Аляксандра Мілінкевіча лічыць, што Гродзенская вобласць наўмысна абрана палігонам для дыскрэдытацыі адзінага прэтэндэнта і яго каманды
"Гэта спланаваная правакацыя", - так кіраўнік ініцыятыўнай групы адзінага прэтэндэнта ад дэмакратычных сіл Аляксандр Бухвостаў ацаніў дзеянні тэрытарыяльных выбарчых камісій рэгіёна, якія ў масавым парадку прызнавалі несапраўднымі подпісы жыхароў вобласці, сабраныя ў падтрымку вылучэння Аляксандра Мілінкевіча кандыдатам у прэзідэнты Беларусі.
Як стала вядома сёння, у дзесяці раёнах вобласці больш за 15 працэнтаў подпісаў грамадзян, правераных тэрытарыяльнымі камісіямі, прызнаны несапраўднымі. Такім чынам, у адпаведнасці з заканадаўствам, не будуць улічаны ўсе подпісы, сабраныя за Аляксандра Мілінкевіча ў дадзеных раёнах.
"Настолькі масавых парушэнняў з нашага боку папросту не магло быць. Ініцыятыўная група ажыццяўляла праверку подпісаў перад перадачай іх у выбарчыя камісіі. У нас ёсць ксеракопіі ўсіх падпісных лістоў, і мы гатовы разам з тэрытарыяльнымі камісіямі правесці кантрольную праверку здадзеных подпісаў, але паўсюль атрымліваем адмову", - заявіў кіраўнік ініцыятыўнай групы.
Ён прывёў прыклад, калі ў Слонімскім раёне тэрытарыяльная выбарчая камісія адмовілася дапусціць да праверкі подпісаў сябры ініцыятыўнай групы, дэпутата раённага Савета дэпутатаў Івана Шэгу. "Гэта сведчыць аб тым, што камісіям няма чаго прад'явіць нам па фактах парушэнняў пры зборы подпісаў", - перакананы А.Бухвостаў.
На яго думку, Гродзеншчына "наўмысна абрана палігонам для дыскрэдытацыі каманды адзінага прэтэндэнта, паколькі сам Аляксандр Мілінкевіч - ураджэнец гэтай вобласці, ён тут жыве і працуе, яго тут добра ведаюць. Не выпадкова, што менавіта на малой радзіме ў падтрымку Мілінкевіча было сабрана найбольшая, у параўнанні з іншымі абласцямі Беларусі, колькасць подпісаў".
Паказальны прыклад: у ліку раёнаў, дзе подпісы ў падтрымку Аляксандра Мілінкевіча прызнаны несапраўднымі, апынуўся і Шчучынскі. У гэтым раёне лідэр аб'яднаных дэмакратычных сіл жыве зараз, тут ён балатаваўся ў дэпутаты Палаты прадстаўніоў у 2004 годзе і карыстаецца вялікай падтрымкай выбаршчыкаў.
А.Бухвостаў лічыць малаверагодным, што забракаваныя ў Гродзенскай вобласці подпісы могуць стацца падставай для нерэгістрацыі Аляксандра Мілінкевіча кандыдатам у прэзідэнты. "Мы спрацавалі з вялікім запасам па ўсёй краіне, - адзначыў кіраўнік ініцыятыўнай групы. - Хутчэй за ўсё, улада можа паспрабаваць выкарыстаць сцэнарый, паводле якога ў падтрымку лідэра аб'яднаных дэмакратычных сіл будзе залічана меншая колькасць подпісаў, чым за астатніх трох прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду, каб надалей мець падставу адсунуць Мілінкевіча на апошняе месца падчас абвяшчэння афіцыйных вынікаў галасавання".
Усе навіны выбарчай кампаніі чытайце на сайце www.milinkevich.org