Дэмакраты не патрапілі ў склад Магілёўскіх раённых выбарчых камісій
Сёння, 28 верасня, у Магілёве адбылося сумеснае пасяджэнне кіраўніцтва Магілёўскага гарвыканкама і Прэзідыума Магілёўскага гарсавета дэпутатаў, на якім разглядалася пытанне аб фарміраванні раённых выбарчых камісіі горада. Паседжанне цягнулася усяго 18 хвілін, але, як і абяцаў загадчык арганізацыйна-кадравага аддзела Міхаіл Свірыдзенка, усе жадаючыя здолелі на яго патрапіць.
Сярод прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадскасці на сумесным пасяджэнні прысутнічалі праваабаронцы Аляксей Колчын і Барыс Бухель, а таксама дэмакратычны актывіст Уладзімір Новікаў.
Прысутным быў агучаны спіс людзей, якія пажадалі ўвайсці ў склад раённых Ленінскай і Кастрычніцкай выбарчых камісій г. Магілёва.
Так у Кастрычніцкую раённую выбарчую камісію было пададзена 19 заяваў. З іх ад выбаршчыкаў шляхам збору подпісаў – 9, ад працоўных калектываў – 4, ад грамадскай арганізацыі ветэранаў ВАВ, БРСМ, Белай Русі, Чырвонага крыжу і Фонду міру – па аднаму прадстаўніку ад кожнай з іх, ад Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” – 1.
У Ленінскую раённую выбарчую касмісію было пададзена 16 заяваў. З іх ад выбаршчыкаў шляхам збору подпісаў – 8, ад працоўных калектываў – 5, ад праўладных грамадскіх арганізацый -2, ад Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” – 1.
У склад Кастрычніцкай і Ленінскай раённых выбарчых камісій увайшло па13 чалавек. Прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў, якія вылучаліся ад Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” і шляхам збору подпісаў не ўключылі ў іх склад.
“Я запытаў, чаму ад апазіцыі не было ўключана ні аднаго з прадстаўнікоў, - гаворыць Барыс Бухель, - але на маё пытанне быў адказ, што ў заявах не было пазначана хто з падаючых заявы з’яўляецца прадстаўніком апазіцыі”.
Трэба адзначыць, што ў склад раённых выбарчых камісій вылучалася два актывісты ад Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” і грамадская актывістка Ларыса Шукайла, якая вылучалася шляхам збору подпісаў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”