Слухайце штотыднёвую праваабарончую праграму “Людзьмі звацца!” на хвалях Радыё Рацыі
Кожны аўторак у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Радыё Рацыя” - праграма “Людзьмі звацца!”, якая асьвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека на Беларусі.
Праграма складаецца з чатырох паасобных рубрык: “Хроніка перасьледу”, “Падзея тыдня”, “Інтэрв’ю са змагаром за дэмакратычныя каштоўнасьці” і “Захаваем жыцьцё”.
Час выхаду ў эфір – 15-05. Таксама ў гэты час праграму можна слухаць праз інтэрнэт на сайце www.racyja.com.
Сёньня, 5 кастрычніка, у чарговым выпуску праграмы “Людзьмі звацца!” слухачоў чакаюць агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека, дзе прадстаўлены найбольш гучныя факты перасьледу за мінулы тыдзень.
Рубрыка “Час выбару” асьвятляе асноўныя падзеі прэзідэнцкай выбарчай кампаніі і маніторынгу "Праваабаронцаў за свабодныя выбары". Гэтым разам гаворка пойдзе пра вынікі этапу фармаваньня тэрытарыяльных камісіяў.
Старшыня Рэвізійнай камісіі Партыі БНФ Галіна Сямдзянава стала адной з трох прадстаўнікоў ад апазіцыі, хто ўвайшоў у склад Менскай гарадзкой выбарчай камісіі, сфармаванай 28 верасьня. У гутарцы з карэспандэнтам праграмы Галіна Сямдзянава распавяла, як праходзіла паседжаньне па фармаваньні гарадзкой і раённых выбарчых камісіяў, а таксама падзялілася асабістымі ўражаньнямі.
У рубрыцы “Захаваем жыцьцё” слухачам прадстаўлены апошнія падзеі, зьвязаныя з кампаніяй за адмену сьмяротнага пакараньня ў Беларусі.
У музычных паўзах сёньня – хрысьціянскі рок – кампазіцыі з дэбютнага альбому менскага гурту "TESAURUS". Альбом “Аднова тэзаўруса” запісаны ў 2004 годзе ў студыі Парафіі Фацімскай Маці Божай г. Баранавічы.
Радыё Рацыя – першае незалежнае інфармацыйна-забаўляльнае FM-радыё ў Польшчы на беларускай мове. Галоўнай мэтай Беларускага Радыё Рацыя з’яўляецца стварэнне грамадзянам Беларусі доступу да незалежнай інфармацыі аб падзеях і развіцці сітуацыі ў Беларусі, Польшчы, Еўропе ды свеце.