Салігорск: Дэмсілы не вылучалі сваіх прадстаўнікоў у тэрытарыяльную камісію
Для любога сур'ёзнага кандыдата Салігорск з'яўляецца стратэгічным горадам, таму палітычную барацьбу ў рэгіёне стала вядуць розныя палітычныя сілы. Гэтыя выбары не ёсць выключэннем. Па папярэдняй інфармацыі, прадстаўнікоў сваёй ініцыятыўнай групы ў Салігорску маюць Сяргей Гайдукевіч, Юры Глушакоў, Рыгор Кастусёў, Аляксандр Лукашэнка, Алесь Міхалевіч, Уладзімір Някляеў, Яраслаў Раманчук, Віталь Рымашэўскі, Андрэй Саннікаў.
Сярод апазіцыйных кандыдатаў Уладзімір Някляеў і Алесь Міхалевіч, па меркаванні мясцовых назіральнікаў, маюць больш моцныя перадвыбарчыя штабы ў рэгіёне. Варта адзначыць, што многія сябры ініцыятыўных групаў уваходзяць у каманды адначасова некалькіх патэнцыйных кандыдатаў. Такая сітуацыя можа выклікаць сумнеў у магчымасці паўнавартаснага ўдзелу прадстаўнікоў апазіцыі ў выбарчым працэсе. Пацверджаннем гэтай тэзы можа з'яўляецца той факт, што ніводны з штабоў патэнцыйных кандыдатаў у рэгіёне не паклапаціўся пра тое, каб мець сваіх прадстаўнікоў у складзе Салігорскай тэрытарыяльнай камісіі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”