У Жэнэве Беларусь хвалілі і крытыкавалі
Сёньня Рада ААН па правах чалавека на сваім пасяджэньні ў Жэнэве разгледзела сытуацыю ў Беларусі.
Паводле справаздачы, зьмешчанай на сайце Рады, на пачатку пасяджэньня выступіў Міхаіл Хвастоў, пастаянны прадстаўнік Рэспублікі Беларусь пры аддзеле ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэнэве. Хвастоў паведаміў, што Беларусь увяла ў дзеяньне 55 рэкамэндацый Рады адносна паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека, што складае каля 70 адсоткаў усіх рэкамэндацый, зробленых Радай для беларускага ўраду. Хвастоў сказаў, што адмена сьмяротнага пакараньня ў Беларусі не залежыць выключна ад ураду, паколькі рашэньне пакінуць гэтае пакараньне было прынятае на рэфэрэндуме. Ён запэўніў, што ўрад рупіцца пра тое, каб схіліць грамадзкую думку на карысьць адмены выконваньня кары сьмерці. Закранаючы пытаньне грамадзянскай супольнасьці ў краіне, Міхаіл Хвастоў паведаміў, што ў першым паўгодзьдзі 2010 году беларускія ўлады зарэгістравалі 68 недзяржаўных арганізацый, што даказвае, на думку беларускага дыплямата, адсутнасьць нейкіх перашкодаў у разьвіцьці гэтай супольнасьці.
Задавальненьне з прагрэсу Беларусі на шляху паляпшэньня сытуацыі з правамі чылавека было выказанае дэлегатамі адзінаццаці краінаў-сябраў Рады, які ўзялі ўдзел у абмеркаваньні: Расеі, Кубы, Вэнэсуэлы, Сырыі, Бахрэйну, Віетнаму, Азэрбайджану, Эгіпету, Марока, Узбэкістану і Кітаю.
Потым у абмеркаваньні выступілі прадстаўнікі праваабарончых арганізацый, у якіх знайшліся словы крытыкі ў адрас Беларусі.
Рамэн Марыё (Афрыканскі сход у абарону правоў чалавека) зьвярнуў увагу на цяжкое становішча цыганоў у Беларусі і на факт, што Беларусь зьяўляецца адзінай краінай у Эўропе, дзе выконваецца сьмяротнае пакараньне.
Марыяна Лільеб’ерг (Amnesty International) заклікала беларускі ўрад ўвесьці неадкладны мараторый на выконваньне сьмяротных прысудаў. Яна таксама сказала, што паводле зьвестак, якія заслугоўваюць даверу, у Беларусі сьледчыя ўжываюць катаваньні.
Рэнатэ Блюм (World Аlliance for Citizen Participation) выказала расчараваньне, што беларускі ўрад не прыняў рэкамэндацый Рады адносна ўвядзеньня мараторыю на выконваньне сьмяротнага пакараньня, гарантый для свабоды асацыяцый, спрашчэньня рэгістрацыі недзяржаўных арганізацый і палітычных партый.
Тацяна Новікава (Northern Alliance for Sustainability) зьвярнула ўвагу на выпадкі затрыманьня актывістаў экалягічнага руху ў Беларусі.
Дэрэк Брэт (Conscience and Peace Tax International) пакрытыкаваў Беларусь за неахвоту прыняць адмысловага дакладчыка ў пытаньнях свабоды рэлігіі і перакананьняў, які мог бы дасьледаваць скаргі адносна перасьледу рэлігійных мяншыняў у Беларусі. Ён таксама заклікаў беларускія ўлады да прыняцьця закону ад альтэрнатыўнай вайсковай службе.
На заканчэньне пасяджэньня яшчэ раз выступіў Міхаіл Хвастоў, які запэўніў, што Беларусь і надалей будзе супрацоўнічаць з Радай ААН па правах чалавека.
У 2007 годзе сябрам Рады ААН па правах чалавека паспрабавала стаць Беларусь, але яе кандыдатура не набрала патрэбнай колькасьці галасоў. У гэтым самы годзе беларускае пытаньне выклікала вострыя спрэчкі на пасяджэньне Рады ў Жэнэве, калі было прагаласаванае рашэньне выключыць Беларусь са сьпісу дзевяці краінаў, для якіх ААН прызначала адмысловага дакладчыка па пытаньнях правоў чалавека. Дакладчыкам Рады па Беларусі ў 2005-2006 гг. быў румынскі дыплямат Адрыян Сэвэрын.