viasna on patreon

Сетка дамоў правоў чалавека заклікае беларускія ўлады выконваць міжнародныя стандарты ў галіне правоў чалавека

2010 2010-09-27T17:36:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/hrh-network.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

22-23 верасня ў Вільні адбылася Штогадовая сустрэча Сеткі дамоў правоў чалавека - форума супрацоўніцтва паміж існуючымі і ствараемымі Дамамі правоў чалавека, якія аб'ядноўваюць 70 НДА ў 15 краінах. Удзельнікамі Штогадовай сустрэчы СДПЧ у Вільні сталі праваабаронцы з 17 краін.

Удзельнікі Штогадовай сустрэчы СДПЧ накіравалі Аляксандру Лукашэнку зварот з заклікам прыняць тэрміновыя меры па выкананні міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека.  У звароце гаворыцца:

“Мы, удзельнікі Штогадовай сустрэчы Сеткі дамоў правоў чалавека 2010 года, выказваем глыбокую заклапочанасць сур'ёзнымі сістэмнымі праблемамі ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.

- Беларусь не забяспечвае правы і свабоды грамадзян, гарантаваныя ратыфікаванымі Беларуссю міжнароднымі дамовамі. Дзеючае заканадаўства ўтрымлівае празмерныя абмежаванні, што робіць рэалізацыю гэтых правоў і свабод вельмі цяжкай;

- Больш чым за 11 гадоў не было праведзена аб'ектыўнае і адкрытае расследаванне знікненняў і падазроных смерцяў вядомых грамадскіх і палітычных дзеячаў і журналістаў;

- Апаненты існуючага рэжыму пераследуюцца ў крымінальным і адміністрацыйным парадку, у краіне ёсць некалькі палітычных зняволеных;

- Беларусь  застаецца адзінай краінай у Еўропе і постсавецкім рэгіёне, дзе дагэтуль існуе смяротнае пакаранне;

- Дзяржава захоўвае манаполію на інфармацыю і праводзіць жорсткую дыскрымінацыйную палітыку ў адносінах да незалежных СМІ і журналістаў.  Указ прэзідэнта № 60 “Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт” уяўляе значную пагрозу праву атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю;

- Не забяспечана права на свабоду сходаў і асацыяцый, як падкрэслівалася Вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека на 15-ай сесіі Савета па правах чалавека ААН. Працягваюцца ліквідацыі існуючых і адмовы ў рэгістрацыі новых НДА, у той час як дзейнасць незарэгістраваных арганізацый пераследуецца ў крымінальным парадку (Артыкул 193-1 Крымінальнага кодэкса). 17 чалавек асуджаны па дадзеным артыкуле ў 2006-2009 гг.;

- Ствараюцца сур'ёзныя перашкоды для дзейнасці праваабарончых арганізацый, многія з якіх у апошнія гады былі пазбаўлены афіцыйнага статуту і працягваюць сваю дзейнасць пад пагрозай крымінальнага пераследу. Праваабаронцы падвяргаюцца сталаму ціску і запалохванням, а таксама крымінальнаму і адміністрацыйнаму пераследу;

- Беларусь доўгі час не прадстаўляла перыядычных справаздач па шэрагу ключавых канвенцый і пактаў ААН; адмаўлялася супрацоўнічаць са спецыяльнымі дакладчыкамі, ігнаравала і адхіляла іх рэкамендацыі па асабліва вострых праблемах у галіне правоў чалавека, пададзеных Саветам па правах чалавека ААН падчас Універсальнага перыядычнага агляду. Беларускія ўлады таксама адмаўляюцца выконваць рашэнні Камітэта ААН па правах чалавека па індывідуальных зваротах;

Мы б хацелі адзначыць некаторыя пазітыўныя змены ў некаторых сферах. Мы вітаем дыялог паміж беларускім урадам і Еўрапейскім Саюзам па пытаннях правоў чалавека. Тым не менш, мы глыбока расчараваны тым, што Беларусь не выканала папярэднія ўмовы ЕС, неабходныя для ўключэння Беларусі ў праграму “Усходняе партнёрства”. Беларусь праігнаравала патрабаванні 1) быць краінай без палітычных зняволеных; 2) забяспечыць свабоду СМІ; 3) працягнуць супрацоўніцтва з АБСЕ па рэформе выбарчага заканадаўства; 4) палепшыць умовы дзейнасці НДА; 5) гарантаваць права на свабоду сходаў і палітычных асацыяцый.

Мы заклікаем беларускі ўрад:

- Вызваліць палітычных зняволеных, аднавіць правы тых, хто быў пакараны і/ці застаецца часткова пазбаўленым правоў на падставе сваіх палітычных поглядаў ці грамадскай дзейнасці, і аднавіць па месцы вучобы адлічаных студэнтаў і па месцы працы - грамадска-палітычных дзеячаў;

- Правесці поўнае, незалежнае і аб'ектыўнае расследаванне ўсіх знікненняў і падазроных смерцяў грамадскіх дзеячаў за апошнія 11 гадоў; знайсці і прыцягнуць вінаватых да адказнасці;

- Неадкладна выключыць смяротнае пакаранне з нацыянальнага заканадаўства;

- Адмовіцца ад манаполіі на інфармацыю, забяспечыць свабоду слова і ўстрымлівацца ад абмежавальных мер супраць незалежных СМІ і свабоды слова, асабліва ад уведзенага ў 2010 годзе рэгулявання Інтэрнэту;

- Адмяніць артыкул 193-1 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да двух гадоў за дзейнасць ад імя незарэгістраваных НДА, палітычных партый і фондаў;

- Выканаць свае міжнародныя абавязацельствы ў галіне правоў чалавека, перагледзеўшы свой падыход і прыняўшы неабходныя меры для выканання рэкамендацый Савета па правах чалавека ААН і рашэнняў Камітэта ААН па правах чалавека;

Напрыканцы мы падкрэсліваем неабходнасць правядзення маючай адбыцца прэзідэнцкай кампаніі і выбараў у атмасферы свабоднай і плюралістычнай дыскусіі ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам і крытэрамі свабодных і справядлівых выбараў АБСЕ”.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства