Салігорск: Штраф кіраўніцы штабу Някляева
Раніцай 23 верасня ў Салігорску адбыўся суд над кіраўніцай мясцовага перадвыбарчага штабу У.Някляева Таццянай Кучынскай. Яе абвінавачвалі ў парушэнні заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі паводле артыкула 22.9 ч.2 КоАП (незаконны выраб і распаўсюджванне сродкаў масавай інфармацыі). Суд пад кіраўніцтвам Ягора Барысенкі пастанавіў спагнаць з дэмактывісткі штраф у памеры 40 базавых велічынь (1 мільён 400 тысяч рублёў).
Нагадаем, што 31 жніўня на салігорскім рынку "Калгасны" супрацоўнікамі міліцыі былі затрыманыя валанцёры кампаніі "Гавары праўду!" Таццяна Кучынская і Андрэй Тычына, у якіх знайшлі газету "Праўда Някляева" і буклеты, датычныя указа прэзідэнта №518 аб арэнднай плаце. Актывістаў кампаніі адпусцілі без складання пратаколаў, але ж друкаваная прадукцыя была канфіскаваная. Яшчэ праз тыдзень з'явіліся і пратаколы, а ўжо 14 верасня Андрэй Тычына быў аштрафаваны тым самым суддзёй Ягорам Барысенка на 35 базавых велічынь (1 мільён 225 тысяч рублёў). Суд над Кучынскай адбыўся толькі 23 верасня.
Свой каментар адносна апошніх падзей даў Андрэй Тычына:
- У прынцыпе нічога дзіўнага не адбылося. Набліжэнне выбараў у Беларусі заўсёды звязана з падвышэннем узроўню рэпрэсій супраць апазіцыі з боку ўладаў. І калі яшчэ некалькі месяцаў назад незалежная прэса і інфармацыйная прадукцыя не выклікалі ў мясцовых уладаў такой нервовай рэакцыі, дык цяпер, як бачым, сітуацыя хутка змяняецца. І з набліжэннем даты выбараў ціск сілавых структураў будзе толькі падвышацца. Відавочна, што гэта не ўласная ініцыятыва мясцовага кіраўніцтва, а цэнтралізаваны загад зверху.
У самы бліжэйшы час аштрафаваныя актывісты абскардзяць рашэнні салігорскага суда ў вышэйшай інстанцыі.
“Праваабаронцы за сваобдныя выбары”