viasna on patreon

На памежжы быў затрыманы аўтамабіль з сябрамі ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча

2006 2006-02-06T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Берасьцейскі праваабаронца і журналіст Уладзімір Вялічкін паведаміў, што 4 лютага 2006 году на прапускным пункце «Федзькавічы» супрацоўнікамі ДАІ і Жабінкоўскага РАЎС блізу 15 гадзіны быў затрыманы аўтамабіль з сябрамі ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча, якія ехалі на сустрэчу ў Берасьце. У аўто знаходзіліся намесьнік старшыні АГП Сяргей Альфер, журналіст Тацьцяна Ваніна, беспартыйны Аляксандр Іванавіч Бухвостаў і яшчэ адна невядомая асоба.
У выніку перамоваў паміж затрыманымі і супрацоўнікамі міліцыі аказалася, што пры «даглядзе транспартнага сродка» – аўтамабіля, які належаў Аляксадру Бухвоcтаву, шукалі грошы. Дагляд праводзіў старшы лейтэнант міліцыі ў прысутнасьці панятых (рабочых прапускнога пункту) і сябраў ініцыятыўнай групы адзінага кандыдата з Берасьця, якія якраз пад’ехалі на дапамогу. У аўтамабілі знаходзіліся сшыткі, брашуры «Назіраньне на выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2006 годзе», «Ответы» А.Мілінкевіча, а таксама прафсаюзная літаратура (разам некалькі дзесяткаў асобнікаў).
Пакуль міліцыянты бралі тлумачэньні і складалі пратакол дагляду транспартнага сродка, спадары Альфер, Ваніна і яшчэ некалькі прысутных змаглі выехаць у Берасьце на сустрэчу.
На прапускным пункце засталіся трое берасьцейцаў і сам Бухвостаў, якіх прымусілі прадставіць дакументы, патлумачыўшы, што маюць права правяраць усіх прысутных, а на іх конт атрыманы загад з абласнога ўпраўленьня МУС. Лейтэнант запытаўся ва Уладзіміра Вялічкіна, на якой падставе той фатаграфаваў? Атрымаўшы адказ, што спадар Вялічкін зьяўляецца журналістам і сябрам БАЖу, міліцыянт перапісаў дадзеныя ўсіх пашпартоў і пасьведчаньня сябры «БАЖ».
Праз амаль тры гадзіны фармальнасьці скончыліся, і Аляксандар Бухвостаў наведаў Жабінкоўскі РАЎС, дзе дзяжурны, капітан Дубіна Сяргей Леонцьевіч, патлумачыў, што ў 10:50 з абласнога ўпраўленьня прыйшла «аператыўка» з дзяржнумарам легкавой машыны, у якой перавозяцца 10.000 (дзесяць тысячаў) фальшывых даляраў ЗША.
Далей сп. Бухвостаў сустрэўся з начальнікам РАЎС падпалкоўнікам міліцыі Ясько А.І. і папрасіў выдаць копію пратаколу дагляду і «аператыўкі». Апошні патлумачыў, што гэта немагчыма і што супрацоўнікі РАЎС правялі дагляд згодна ягонага рашэньня адпаведна паступіўшай інфармацыі. На дадзенай падставе напрошваецца выснова, што інцыдэнт з «даглядам» – няўдалая правакацыя, а нечаканае зьяўленьне з Берасьця дадатковых сьведкаў зрабіла немагчымым падкінуць што-небудзь у машыну сябраў ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча з Менску.
Нягледзячы на затрыманьне, плённая сустрэча адбылася, толькі са спазьненьнем.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства