viasna on patreon

Пётра Явідовіча з Ашмянаў абвінавацілі ў датэрміновай агітацыі за Аляксандра Мілінкевіча і асудзілі за парушэньне заканадаўства аб выбарах

2006 2006-02-03T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Два тыдні таму, перад прыездам у Ашмяны Аляксандра Мілінкевіча, Пётра Явідовіч распаўсюджваў бюлетэнь "Час адзінага", рэдактарам якога сам зьяўляецца, а таксама ўлёткі. І ў бюлетэні, і ва ўлётках была зьмешчана інфармацыя аб прыезьдзе ў Ашмяну Аляксандра Мілінкевіча, а таксама запрашэньне на сустрэчу зь ім. Калі Пётра Явідовіч раздаваў бюлетэнь і ўлёткі, яго ніхто не затрымліваў. На наступны дзень яго выклікалі ў раённую пракуратуру, склалі пратакол і справу перадалі ў суд, паведаміла радыё Свабода.

Судзьдзя Казакевіч палічыў, што ўлёткі былі надрукаваны Явідовічам незаконна, а ў бюлетэні "Час адзінага" была зьмешчана цытата з інтэрвію прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Мілінкевіча, што расцэнена як датэрміновая агітацыя.

Перад пачаткам працэсу Пётра Явідовіч заявіў хадайніцтва аб недаверы судзьдзю Віталю Казакевічу. Ён абгрунтаваў гэта тым, што ў 2001 годзе, калі гэты ж судзьдзя разглядаў ягоную адміністрацыйную справу, той не ўлічыў, што ў суд былі пададзены дакумэнты з фальшывым подпісам Явідовіча. Хадайніцтва адхілілі. Судзьдзя праігнараваў яшчэ адно хадайніцтва: каб у якасьці грамадзкага абаронцы Явідовіча ў судзе ўдзельнічаў Эдуард Баланчук, прадстаўнік Беларускага Хельсінскага камітэту. А ў мінулы панядзелак судзьдзя Віталь Казакевіч адхіліў хадайніцтва Явідовіча, каб ягоныя інтарэсы ў судзе прадстаўляў праваабаронца з Смаргоні — юрыст з адукацыі Алесь Дзергачоў. Прычым, раніцай судзьдзя задаволіў хадайніцтва, а пасьля абеду зьмяніў сваё рашэньне.

Пётра Явідовіч лічыць прысуд незаконным і зьбіраецца падаваць апэляцыю ў абласны суд. Кажа Пётра Явідовіч: "Гэта сфабрыкаваная справа — і накіравана на тое, каб найперш прынізіць маю годнасьць, а, па-другое, вядзецца мэтанакіраванае запалохваньне людзей, якія праяўляюць грамадзкую актыўнасьць".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства