З “някляеўцаў” у пастарунку зрывалі майкі і рабілі “ластаўку”
Затрыманых учора ўвечары актывістаў кампаніі “Гавары праўду!”, якія прыйшлі на хакейны матч Кантынентальнай хакейнай лігі Дынама (Мінск) — Тарпеда (Ніжні Ноўгарад), у Цэнтральным РУЎС здымалі на відэа, зрывалі з іх майкі з лагатыпам кампаніі і рабілі ластаўку. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла прэс-сакратар кампаніі Юля Рымашэўская.
Юля Рымашэўская: “12 чалавек было затрымана і адвезена ў Цэнтральны РУЎС. Паводзіны міліцыянтаў гэтым разам былі больш жорсткія, чым з затрыманымі падчас футбольнага матчу Беларусь-Румынія 7 верасня. Людзей прымушалі зняць майкі, з тых, хто не пагаджаўся, зрывалі майкі. Апроч таго, былі парушэнні, якія ўжо сталі нормай: іх здымалі на відэа і бралі адбіткі пальцаў. Пры гэтым, ніводнага пратакола не было складзена і гэтыя факты ў пратаколе не адлюстраваныя”.
Па словах Рымашэўскай, мелі месца і фізічныя здзекі — і хлопцаў і дзяўчат ставілі на так званую расцяжку, рабілі “ластаўку”. Усе затрыманыя, кажа прэс-сакратар “Гавары праўду!” рыхтуюць скаргі на дзеянні супрацоўнікаў Цэнтральнага РУЎС.