Справу супраць Івана Крука разглядалі ў Гродзенскім аблсудзе
Адміністрацыйная справа супраць астравецкага праваабаронцы Івана Крука будзе разглядацца ў Астравецкім раённым судзе. Такое рашэнне прыняў абласны суд Гродна, адмяніўшы рашэнне суда ніжэйшай інстанцыі аб накладанні штрафа ў памеры 30 базавых велічыняў за паклёп на чыноўніка.
Сам Іван Крук лічыць, што аргументы, якія ён прадставіў суду, былі дастатковымі, каб яго апраўдаць:
- На першым этапе я лічу, што перамог, у абласным судзе перамог. Будзе другі разгляд – будзе новы этап, вельмі складаны. Будуць ціснуць і на маіх людзей, падключаць гарвыканкам, міліцыю, падключаць КДБ. Чаму? Таму што будуць прымаць меры, каб мяне блакаваць, таму што я падымаю пытанні адносна выбарчай кампаніі, як яна была праведзена ў Астравецкім раёне.
На думку Івана Крука, такія стасункі з мясцовым чынавенствам склаліся з-за яго праваабарончай дзейнасці і спробы зарэгістравацца кандыдатам у мясцовыя саветы.