Дзяржкантроль і КДБ ладзяць ператрус у офісе Вардамацкага
Супрацоўнікі спецслужбаў капіююць інфармацыю з камп'ютараў сацыялагічнай лабараторыі "Новак". На пэўны час была затрыманая фатограф Юлія Дарашкевіч.
У офісе сацыялагічнай лабараторыі "Новак" ідзе ператрус. Супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржкантролю капіююць інфармацыю з камп'ютараў.
Паводле інфармацыі Еўрарадыё, у ператрусе ўдзельнічаюць таксама супрацоўнікі КДБ. Агулам у офісе знаходзіцца 5-6 супрацоўнікаў спецслужбаў.
Падчас ператрусу была затрыманая фотакарэспандэнтка Юлія Дарашкевіч, але праз непрацяглы час яе адпусцілі. Як паведаміў Еўрарадыё журналіст Аляксандр Уліцёнак, які быў на месцы падзеі, сілавікі збіраюцца вынесці з офіса "Новака" аргтэхніку.
Нагадаем, што кіраўнік "Новака" сацыёлаг Андрэй Вардамацкі толькі што вярнуўся з Масквы, дзе ўдзельнічаў у беларуска-расійскай канферэнцыі пра перспектывы супрацы дзвюх краін.