Заснавальнікі “Берасцейскай Вясны” просяць упраўленьне юстыцыі выправіць памылкі і зарэгістраваць аб’яднаньне
Сузаснавальнікі грамадскага праваабарончага аб’яднаньня “Берасцейская вясна” Уладзімір Вялічкін і Уладзімір Малей перадалі 25 жніўня ў галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Брэсцкага аблвыканкама адмысловую заяву.
Праваабаронцы просяць адмяніць рашэньне аб адмове ў рэгістрацыі аб’яднаньня, вынесенае ім у дзесяты раз, зарэгістраваць “Берасцейскую вясну” і абавязаць УУС аблвыканкама выправіць памылку ў прадстаўленых звестках аб месцы жыхарстве аднаго з заснавальнікаў. Да заявы прыкладзены копіі даведкі аб месцы рэгістрацыі заяўніка і пашпарта з прапіскай.
Як паведаміў праваабаронца Уладзімір Вялічкін, “гэтай заяваю мы даем магчымасць упраўленьню юстыцыі самім выправіць недарэчныя хібы і тым самым захаваць твар у падобнай сітуацыі”.
Нагадаем, што 20 жніўня “Берасцейскай вясне” было адмоўлена у рэгістрацыі на той падставе, што нібыта ў аднаго з заснавальнікаў адрас жыхарства не супаў з пазначаным у даведцы, якую прадставілі супрацоўнікі абласнога упраўленьня ўнутраных спраў.