viasna on patreon

Прадуктовая пасылка адміністратыўна арыштаваным: неабходнасьць альбо раскоша?

2010 2010-08-24T09:52:58+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/akrescina.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Канстытуцыйны Суд лічыць, што праблема забароны на перадачу прадуктовых пасылак адміністрацыйна арыштаваным знаходзіцца на перыферыі грамадскай сьвядомасьці.
Пра гэта і не толькі праваабаронцу Сяргею Усьцінаву на асабістым прыёме паведаміў адзін з суддзяў вышэйшай судовай інстанцыі нашай краіны Данілюк Станіслаў Яўгеньевіч. На думку прадстаўніка канстытуцыйнай Феміды, любы чалавек, які зьдзейсніў правапарушэньне павінен выпрабаваць пэўныя цяжкасьці, а калі арыштаваны 15 сутак галадае - ад гэтага толькі карысць яго арганізму.
Сяргей Усцінаў на працягу апошняга часу вёў актыўную перапіску з Канстытуцыйным Судом па пытаньні роўнасьці грамадзян, якія знаходзяцца ў зняволеньні на атрыманьне пасылак, перадач і бандэроляў. Пасля таго, як ён атрымаў з сакратарыята Суда ліст аб спыненьні перапіскі па дадзеным пытаньні, праваабаронца запісаўся на асабісты прыём да канстытуцыйнага судзьдзі.
- Я быў вымушаны пайсьці на прыём, паколькі лічу, што адміністрацыйна арыштаваныя павінны нароўні з асобамі, асуджанымі ў крымінальным парадку мець магчымасьць атрыманьня харчовых пасылак, - заяўляе праваабаронца.
Судзьдзя на прыёме паводзіў сябе паважліва, нават прызнаўся, што першы раз ўжывую бачыць праваабаронцу.
- Даведаўшыся пра сутнасьць пытаньня, суддзя ў даволі рэзкай форме выказаўся: «Любы чалавек, які здзейсьніў правапарушэньне, павінен выпрабаваць пэўныя цяжкасьці, - цытуе суддзю С. Усцінаў.
Абураны праваабаронца лічыць, што кожны арганізм мае свае асаблівасьці, нехта мала есьць і яму хапае турэмнай ежы, хтосьці больш, і для гэтага яму патрэбна дадатковая ежа. Пра якасьць ежы арыштаваным спрачацца не даводзіцца. Чалавек з хранічнымі захворваньнямі не можа без наступстваў для здароўя есьці толькі турэмную ежу.
- Дазвольце, якія яшчэ цяжар і выпрабаваньні павінен вынесьці адміністрацыйна арыштаваны чалавек, акрамя абмежаваньня свабоды? - абураецца праваабаронца.
На прыёме таксама абмяркоўвалася пытаньне аб выкананьні раней прынятага Канстытуцыйным Судом рашэньня, згодна з якім заканадаўцам было прама ўказана прывесьці адміністрацыйны кодэкс у адпаведнасьць з іншымі актамі заканадаўства. Характэрны таксама і той факт, што Данілюк С.Я. лічыць, што прынятыя Канстытуцыйным Судом рашэньні носяць рэкамендацыйны характар!
У распачатай справе па абароне правоў адміністрацыйна арыштаваных асобаў Сяргей Усцінаў спыняцца не будзе, ён мае намер працягваць практыку сустрэч з суддзямі Канстытуцыйнага Суда да тых часоў, пакуль не даможацца змяненьня заканадаўства, якое дае кожнаму арыштаванаму права на атрыманьне прадуктовых пасылак.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства